Настройки шрифта
По умолчаниюArialTimes New Roman
Межбуквенное расстояние
По умолчаниюБольшоеОгромное
Вверх

Баннер на сайт 816х197.jpg


У 12-гадовым узросце Мікалаю Шапараву давялося перажыць жахі фашысцкай няволі і застацца ў жывых. Зараз Мікалаю Мітрафанавічу ўжо 91

676 0 10:24 / 22.06.2023
Нават сёння, калі за плячыма Мікалая Мітрафанавіча 91-гадовы жыццёвы рубеж, яго не-не ды і наведвае думка пра тое, якім быў бы лёс іхняй сям’і Шапаравых, калі б не родзіч маці Праскоўі Максімаўны Павел Емяльянавіч Панькоў. Яго Мікола памятае з чатырохгадовага ўзросту, калі той, займаючы не апошнюю міліцэйскую пасаду, прыязджаў на кані са сваім памочнікам у іхнюю вёску і дазваляў яму ў міліцэйскай шапцы з паўгадзіны пакрасавацца перад хлапчанятамі.

IMG_6706_result.JPG
Мікалай Мітрафанавіч Шапараў сёння. Фота Таццяны Грэмешкевіч

Не ўлятучылася з памяці Міколы і крыўда бацькі Мітрафана Кан­станцінавіча на Паўла за тое, што ён, «знаходзячыся пры ўладзе», адмовіўся заступіцца за яго, аднаасобніка, які не толькі катэгарычна не ўступаў у калгас, але яшчэ і прапагандаваў сваю рэлігійную прыналежнасць, што з’яўлялася арыенцірам для яшчэ васьмі-дзевяці вяскоўцаў. Паручыўся тады за Мітрафана Канстанцінавіча камандзір роты браняпоезда, якога Шапараў у Грамадзянскую вайну (абодва верна служылі «чырвоным») выратаваў ад смерці. 

Праўда, неўзабаве Павел Емяльянавіч «рэабілітаваў» сябе, калі Шапаравы прадалі дом у вёсцы і набылі жытло ў Гомелі. Ён уладкаваў Мітрафана Канстанцінавіча на працу ў пажарную часць. Работу сабе знайшлі і маці (дома на машынцы «Зінгер» яна абшывала гарадскіх кабет), і старэйшыя дзеці Ганна, Антаніна і Уладзімір. А вучні малодшых класаў Саша і Коля дапамагалі маці па гаспадарцы і ўходжвалі за крыксам Лёвам, які нарадзіўся ў 1939-м.

– Напэўна, – апавядае Мікалай Мітрафанавіч, – далейшае наша жыццё ішло б такім мірным ходам, калі б не грымнула вайна і да нас зноў не завітаў дзядзька Павел, які на той час працаваў на ложкавай фабрыцы. Ён распарадзіўся выправадзіць мяне з хаты на вуліцу і сачыць за наваколлем (ці не арудуе нямецкая аблава?) і павёў размову з бацькам. Аб чым, я не ведаю. Але факт застаецца фактам: калі немцы захапілі горад і пажарнікі разышліся па сваіх сем’ях, наш Мітрафан Канстанцінавіч неўзабаве запісаўся ў паліцыю.

Ён быў прыстаўлены вартаваць вялізную гару солі, што засталася пасля таго, як згарэў будынак склада, у якім яна знаходзілася да вайны. Больш таго, ён рэкамендаваў старшаму сыну Уладзіміру пайсці на работу на Гомельскі вагонарамонтны завод, які размяшчаўся побач з чыгуначнай станцыяй, і кожны вечар распытваў яго, колькі і якія эшалоны прыбываюць у горад і куды адпраўляюцца са станцыі. А Сашу і мяне бацька абавязаў калі-нікалі заносіць торбачку солі сястры маці ў вёску Давыдаўка, што паблізу з Гомелем, дзе, дарэчы, жыў і Павел Емяльянавіч. Сустрэч з ім у нас не было, і адтуль мы вярталіся дадому з торбачкай прадуктаў.

– Аднойчы Уладзімір, вярнуўшыся з работы, – працягвае далей Мікалай Мітрафанавіч, – паведаміў бацьку, што на станцыі ўсе пуці забіты нямецкімі эшалонамі, і ён тут жа паслаў мяне з торбачкай солі ў Давыдаўку. А праз каторы час пачалася бамбёжка чыгункі. Бацька прысутнічаў на паліцэйскіх, з удзелам нямецкіх афіцэраў, нарадах і на адной планёрцы пачуў, што на Паўла Панькова паступіла «папера» і яго трэба арыштаваць. Спасылаючыся на тое, што яму неабходна наведаць хворую сястру жонкі, ён адпрасіўся з нарады і ўзяў кірунак на Давыдаўку, каб папярэдзіць Паўла аб небяспецы. Але не пашанцавала: па дарозе яго дагнаў грузавік з немцамі і паліцаямі, з якімі ён і ўехаў у вёску. Паўла Емяльянавіча арыштавалі, збілі на вачах народа і расстралялі.

IMG_6690_result.JPG

Мітрафан Канстанцінавіч пазбег тады падазрэння, але ў Давыдаўку з торбачкай солі ён больш не адпраўляў ні Сашу, ні Колю і не цікавіўся ў Валодзі наконт становішча спраў на чыгунцы.

У кастрычніку 1943 года па Гомелю быў развешаны загад акупацыйнай улады аб тым, каб насельніцтва пакінула горад у трохдзённы тэрмін, а калі хто праігнаруе гэтае распараджэнне, да таго будуць прыменены самыя жорсткія меры пакарання.

Шапаравы загрузілі такім-сякім скарбам вазок і накіраваліся ў вёску Урыцкае на радзіму бацькі. Па дарозе Валодзя і Коля адлучыліся на поле, што прылягала да лесу, каб накапаць бульбы. І толькі ўнурыліся ў работу, як раздалося грознае «Хэндэ хох, партызанен!» і хлопцы ўбачылі настаўлены на іх пісталет нямецкага афіцэра. Выручыла тое, што ў Валодзі быў з сабой завадскі пропуск.

Нацысты не пусцілі Шапаравых ні ў Урыцкае, ні ў Барок, дзе раней у іх была хата, а знайшлі прыстанішча ў рабочым бараку торфанарыхтоўчага прадпрыемства, дзе ўжо туліліся сем’і такіх жа бежанцаў. Праз некалькі тыдняў, у лістападзе 1943 года, туды з’явіліся жандары і пагналі ўсіх на чыгуначную станцыю Прыбар, дзе стаяў эшалон для адпраўкі нявольнікаў у Германію. Дарога на чужыну была цяжкай: у вагонах цесната, спёртае паветра, ні ежы, ні вады. На нейкім перасыльным пункце – дэзынфекцыя, санітарны агляд кожнага, у выніку чаго каму-нікаму з вязняў паставілі на лоб пячаткі. У гэты спіс трапілі Саша і Праскоўя Максімаўна, якой маладая нямецкая наглядчыца параіла сцерці тыя паметкі. Што і было зроблена. А на наступную раніцу над лагерам так засмуродзіла чорным дымам, хоць нос затыкай. Гэта так «пралечвалі» ў печы крэматорыя тых, з пячаткамі.

Астатніх даставілі ў рабочы лагер каля горада Вольфсбурга. Сярод Шапаравых не было толькі Валодзі, якога немцы выкурылі з гарышча ўказанага вышэй торфзавода, дзе ён хаваўся, і адправілі абгароджваць калючым дротам Азарыцкі канцлагер.

Каля Вольфсбурга знаходзілася шэсць рабочых лагераў, якія былі абнесены двайной, у тры метры вышыні драцяной сеткай, з мятровым, унутр лагера, нахілам. Пералезці праз яе было немагчыма. Тым больш што ноччу па тэрыторыі лагераў, якія аддзяляліся паміж сабой тымі сеткамі, бегалі аўчаркі. У крайнім з лагераў, дзе стаялі чатыры, па восемдзясят-сто метраў даўжынёй, баракі, і пасялілі сям’ю Шапаравых.

Усіх дарослага ўзросту вязняў раненька калонай у суправаджэнні злых сабак гналі на ваенны завод па вырабу машын і вярталіся яны адтуль на свае нары позна вечарам. Дзеці ж увесь час знаходзіліся ў бараках. Ніякіх гульняў, ніякай вучобы не было, ніякіх кніг, ні газет. Ды і наогул ніякіх кантактаў з вязнямі іншых лагераў і баракаў.

Усім вельмі хацелася есці, бо наталіць голад лагернай баландай нікому не ўдавалася. І вось да чаго даўмеўся 12-гадовы Міколка. Ён угаварыў бацьку ўкрасці на заводзе пласкагубцы і ра­зам з Сашам, калі ў часы паветранай трывогі ахоўнікі лагера зашываліся ў бамбасховішчы, зрабілі ў той драцяной, каля самай зямлі, сетцы два пралазы, якія добра замаскіравалі. І такім чынам прабіраліся ў горад. Рызыка, вядома, была вялікая, каб не трапіць на вочы жандараў. Але ж была і надзея разжыцца там кавалкам-другім хлеба і іншымі прадуктамі харчавання, якімі іх надзялялі нямецкія жанчыны. Яны таксама вельмі рызыкавалі, бо за падобныя дзеянні маглі апынуцца ў канцлагеры.

– Які самы бядотны дзень вашага палону? – пытаюся ў Мікалая Мітрафанавіча. 

– Калі памёр Лёва. Яму, як і ўсім іншым дзецям, пасля прыезду ў Германію, зрабілі нейкі укол, які доўга не зажываў. Не было толку і ад лазарэту, дзе яго спрабавалі лячыць. Там нават горш стала: цела пачало загніваць. Нацысты знайшлі такое «лячэнне»: паставілі Лёвін ложак без коўдры каля адкрытага, на марозе, акна, у выніку чаго ён падхапіў запаленне лёгкіх, аб чым перад смерцю расказаў бацькам, якія наведалі яго ў тым лазарэце.

Вязняў рабочых лагераў Вольфсбурга вызвалялі амерыканцы. Яны агітавалі не вяртацца на сваю радзіму, дзе панавалі разбурэнні і нястача, а пераехаць на пастаяннае месцапражыванне ў любую іншую краіну. Абсалютная большасць апытаных выказалася так: толькі дадому! Дзень Перамогі Шапаравы сустракалі ў палатачным гарадку Валкавыска, дзе ў вязняў высвятлялі, як яны трапілі ў Нямеччыну. А дома, на радзіме, да іх аднесліся як да ворагаў народа: вы служылі немцам.

Мітрафана Канстанцінавіча ў адпаведных органах доўга дапытвалі аб рабоце ў паліцыі, але прычын для прыцягнення да адказнасці не знайшлі. Мабыць таму, што ён быў звязаны з Паўлам Емяльянавічам Паньковым, якога фашысты расстралялі па даносу здрадніка. Апошні загрымеў на дзесяць гадоў турэмнай адседкі.

Пры ўсіх цяжкасцях пасляваеннага жыцця Мікалай Мітрафанавіч знайшоў сваё месца ў ім: працаваў на розных прадпрыемствах, скончыў Беларускі інстытут інжынераў чыгуначнага транспарту, быў сакратаром камсамольскай арганізацыі Гомельскага лакаматыўнага дэпо, адслужыў у марской авіяцыі і пасля пятнаццаці гадоў работы нафтавіком у Сібіры пайшоў на пенсію. З жонкай Аляксандрай Паўлаўнай выхаваў дзвюх дочак, якія падарылі ім сем унукаў і праўнукаў. Мікалай Мітрафанавіч з’яўляецца членам праўлення Гомельскай гарадской грамадскай арганізацыі «Дзеці вайны».
Общество
3_НПЗ.jpg

морозовичи-агро11.jpg
0 Обсуждение Комментировать
3_НПЗ.jpg