Настройки шрифта
По умолчаниюArialTimes New Roman
Межбуквенное расстояние
По умолчаниюБольшоеОгромное
Вверх



Споўнілася 100 гадоў з дня смерці Антона Стульгінскага

8715 3 21:09 / 09.07.2015
Стульгінскі — шматгадовы дырэктар Добрушскай папяровай фабрыкі, выбітны прадпрымальнік, старшыня Таварыства папяровых фабрыкантаў Расійскай імперыі і славуты рэфарматар.
1.Антон Ігнацьевіч Стульгінскі.jpg
Антон Ігнацьевіч Стульгінскі (Фота з сямейнага архіву Міхала Здраеўскага (Варшава))
Антон Ігнацьевіч быў адказны, дбайны і ўважлівы гаспадар — акурат такіх кіраўнікоў нам зараз не хапае. У той жа час акалічнасці яго прыватнага жыцця дагэтуль застаюцца невядомымі. Заслону гэтай таямніцы часткова прыадчыняюць некаторыя архіўныя дакументы, рэдкія ўспаміны яго сучаснікаў і іх нашчадкаў, а таксама аўтабіяграфічная кніга ўнучкі, Зоф’і Стульгінскай, пад назвай «Грушкі на вербе». Безумоўна, цікава паглядзець на постаць Стульгінскага і ягонай сям’і не толькі праз сухія лічбы яго прадпрымальніцкага таленту.
Шляхецкі род Стульгінскіх гербу Любіч здаўна жыў на Ковеншчыне, ды і па ўсёй Літве. У XVII–XVIII ст. прадстаўнікі роду валодалі некалькімі маёнткамі: Майранамі, Багузішкамі, Жэміголлю, Жылабем і Мончамі (інакш — Стульгі, Стульгішкі).
Антон-Караль Стульгінскі нарадзіўся 27 красавіка 1851 года (па старым стылі 15.04.1851) ў горадзе Цельшы на Жмудзі. Бацькі, Ігнацы-Ксаверы Стульгінскі і Карнэлія Люткевіч, выхоўвалі сваіх дзяцей у павазе да старых традыцый былой Рэчы Паспалітай. У іх было яшчэ двое малодшых — Тадэвуш-Мар’ян і Войцэх—Сыльван. Вядома, што Антон скончыў гімназію ў Шаўлях. У 1863 годзе яго бацька, чыноўнік канцылярыі Цельшаўскага павятовага шляхецкага Маршалка, прыняў удзел у паўстанні Каліноўскага, пасля падаўлення якога быў асуджаны і сасланы ў Сібір.
У такой сітуацыі маладыя Стульгінскія маглі разлічваць толькі на ўласныя сілы і розум. Антон вучыўся ў Санкт-Пецярбургскім Тэхналагічным інстытуце на хімічным факультэце, які паспяхова скончыў у 1873 годзе. У пэўны час удзельнічаў у будаўніцтве Бабінскай папяровай фабрыкі, а з 1875 года заняў сціплую пасаду тэхнолага на Краснасельскай папяровай фабрыцы пад Пецярбургам.
2.Люцыя Стульгінская з сынам Уладзімірам, 1878г..jpg
Люцыя Стульгінская (першая жонка) з сынам Уладзімірам, 1878 г. (Фота з сямейнага архіву Міхала Здраеўскага (Варшава))
Падчас аднаго з візітаў на радзіму ён пазнаёміўся са сваёй зямлячкай Люцыяй-Вольгай Гадлеўскай, на якой неўзабаве і ажаніўся. Праз год — у 1877-м — у іх нарадзіўся першы сын, якога назвалі Уладзімірам-Фердынандам. Але ўсё часцей Антон прыходзіў дадому расчараваным і незадаволеным: ужо трэці год ён працаваў нямаведама кім, не падабалася яму ні асяроддзе, ні ўмовы працы. Яшчэ ў студэнцкія часы ён марыў зусім пра іншае. Чалавек энергічны, уніклівы і вельмі амбіцыйны, ён хацеў арганізаваць штосьці свае, створанае ад самага пачатку... І лёс, відавочна, быў на ягоным баку: нечакана для самога сябе Стульгінскі атрымаў тэлеграму наступнага зместу: «Прошу немедленно прибыть в Петербург. Дворец князя Ивана Паскевича предлагает великолепное место. Горячо советую принять». Тэлеграма была падпісана старым прафесарам Тэхналагічнага інстытута Зарыбіным, які ў часы студэнцтва Антона Стульгінскага аказваў яму вялікую прыхільнасць.
Але, прачытаўшы тэлеграму, Антон з раздражненнем кінуў яе на стол. Вось як апісала гэта ў сваім дзённіку Зоф’я Стульгінская: «...Не мог дараваць спадчыннай крыўды: некалькі яго сваякоў моцна пацярпелі праз генерала-фельдмаршала Івана Паскевіча, якога лічылі на беларускіх і польскіх землях „людажэрам“ і катам. Цяжка было забыцца і на тое, што родны бацька і цесць, імкнучыся да вызвалення свайго краю, таксама трапілі ў Сібір. Але спрацавала мудрая правакацыя ягонай жонкі, якая спакойна заўважыла:
Так ці інакш, тут ці ў іншым месцы ты працуеш у расіян.
Але не ў Паскевіча! — запярэчыў Антон.
Мусіш ехаць, — настойвала яна, — хаця б з павагі да свайго прафесара. А прыедзеш — будзеш мець сатысфакцыю, адмовіш Паскевічу асабіста!
Такім чынам, ужо праз дзень ён упэўнена крочыў праз анфіладу салонаў Паскевічаўскага палацу над Нявой. Настроены на барацьбу...
Зірнуўшы на Фёдара Паскевіча, Антон прамовіў пра сябе: „Нягоднік і сын нягодніка, зараз ён пакажа сваё сапраўднае аблічча!“ Але ў наступныя ж хвіліны быў збянтэжаны прыязным, нават рахманым тонам малодшага Паскевіча. Не так ён уяўляў сабе сына „людажэра“ — той аказаўся поўным антыподам свайго бацькі, тактоўным і высокаадукаваным, і да ўсяго вельмі прыязна ставіўся да беларускага і польскага люду».
Спачатку іх размова была напружанай і вострай з боку Стульгінскага, але Паскевіч здолеў прывесці надзвычай пераканаўчыя доказы, чаму Антону варта было б згадзіцца ўзначаліць папяровую фабрыку ў Добрушы. Так пачаўся новы этап яго жыцця.
Стульгінскі з імпэтам ўзяўся за справу і за першыя пяць год дабіўся ашаламляльных поспехаў. Калі Антон толькі пачынаў працаваць у Добрушы, на фабрыцы была адзіная паравая машына, але ўжо ў 1915-м там мелася найноўшае тэхнічнае абсталяванне і працавала амаль 1500 чалавек, забяспечаных неверагоднымі для таго часу сацыяльнымі выгодамі. Сама ж фабрыка лічылася найбуйнейшай ва ўсёй Расійскай імперыі.
У сям’і таксама ўсё ладзілася. У красавіку 1880 года ў Стульгінскіх нарадзіўся другі сын, якога назвалі Генрык-Ігнацы. Але менш чым праз год пасля яго з’яўлення на свет Люцына памерла. Антон застаўся адзін з двума малымі. Смерць жонкі стала для яго моцным ударам, ён доўгі час не мог змірыцца з гэтай стратай. Аднак пад уплывам сваякоў і сяброў наважыўся на другі шлюб. Сасваталі яму Эмілію Нагурскую, дзяўчыну з заможнай сям’і і дальнюю сваячку першай жонкі. Гэты шлюб па разліку аказаўся вельмі шчаслівым. Праўда, хаця Эмілія вельмі любіла сваіх пасынкаў, уласных дзяцей з Антонам Стульгінскім у яе не было.
3.Эмілія, Генрык, Зоф'я і Антон Стульгінскія..jpg
На тэрасе дома ў Добрушы. Злева направа: Эмілія Стульгінская (другая жонка), Генрык Стульгінскі, жонка Генрыка Зоф’я, Антон Стульгінскі (Фота з сямейнага архіву Міхала Здраеўскага (Варшава))
Тым часам дзякуючы сваёй працавітасьці Антон Стульгінскі зрабіўся даволі заможным чалавекам. У 1883 годзе набыў вялікі маёнтак Дэмбы Малыя з 500 дзесяцінамі зямлі ля Мінска-Мазавецкага, у 60 кіламетрах ад Варшавы.
Па словах людзей, якія бывалі ў Стульгінскіх, іх дом вызначаўся светлым настроем і дабрынёй. Хаця сам Антон-Караль меў даволі круты нораў, але заўжды быў гатовы пажартаваць і распавесці вясёлую гісторыю, на любы выпадак у яго знаходзіліся смешныя прымаўкі. У доме ніколі не пераводзіліся госці і візіцёры, сваякі і сябры. На Божае Нараджэнне работнікі фабрыкі прыносілі Стульгінскім вялікую яліну, але свята праходзіла ў вузкім коле самых блізкіх. Затое на Новы Год у калідоры граў фабрычны аркестр, за святочным сталом сярод сваякоў і сяброў гаспадара сядзелі дробныя кіраўнікі і прадстаўнікі рабочага калектыву, а пасля вячэры пачыналася раздача святочных падарункаў. Стульгінскі непрыкметна падаваў знак музыкам, і пад вальс «Над мудрым Дунаем» пачыналіся танцы... На наступны дзень тут ладзілася свята для дзяцей працаўнікоў фабрыкі, а іх было нямала. Эмілія з задавальненнем брала на сябе ролю гаспадыні дзіцячага балю і адорвала прысмакамі ўсіх малых.
Апошні такі баль ладзіўся на пераломе 1914–1915 гадоў. А 19 чэрвеня 1915 года (па старым стылі 6 чэрвеня) Антон Стульгінскі пакінуў гэты свет: як сведчыць акт аб смерці, ён памёр ад стэнакардыі. Яшчэ праз два гады, у бурлівым 1917-м, склеп з яго целам быў ускрыты, труна пашкоджана. Шукалі золата... Да нашых дзён магіла Стульгінскага, на жаль, не захавалася: тое, што ад яе засталося, у 20-я гады мінулага стагоддзя змыла паводка Іпуці.
Што тычыцца лёсу сыноў Стульгінскага, варта адзначыць, што Антон імкнуўся навучыць іх разлічваць на свае сілы, хаця і быў вельмі заможным чалавекам са шматлікімі сувязямі. Старэйшы, Уладзімір, стаў інжынерам-чыгуначнікам і правёў каля васьмі год на будоўлях дарог у самых аддаленых правінцыйных раёнах Расіі. Пазней працаваў у пецярбургскай кампаніі свайго цесця Калянкоўскага, знакамітага бізнэсмэна-фабрыканта. Рэвалюцыю сустрэў у Фінляндыі, адкуль у 1919 годзе з’ехаў з сям’ёй у Польшчу. Там жыў у горадзе Быдгашч. Пра згубленае багацце не шкадаваў, стварыў невялічкую фірму, заснаваў аўтамабільны клуб, займаўся грамадскай дзейнасцю пад кіраўніцтвам іншага нашага слыннага земляка Эдварда Вайніловіча. Там жа, у Быдгашчы, і памёр ад інсульту ў 1936 годзе. У яго засталася дачка, Зоф’я Стульгінская (1902–1984), вядомая ў Польшчы журналістка, перакладчыца і пісьменніца.
4.Генрык Стульгінскі.jpg
Генрык Стульгінскі (Фота з сямейнага архіву Міхала Здраеўскага (Варшава))
Генрык Стульгінскі, малодшы сын Антона, быў чалавекам розуму, а не эмоцый. Ён пайшоў па слядах бацькі, займаўся справамі Добрушскай фабрыкі, стаў намеснікам Антона Стульгінскага, а пасля яго смерці — дырэктарам. Падчас рэвалюцыі здолеў з большага захаваць свае капіталы, што дазволіла яму займацца рознымі праектамі ў Польшчы. Жыў у бацькавым маёнтку Дэмбы Малыя і памёр ў 1950 годзе...
5.Магіла А.І.Стульгінскага ў Добрушы.jpg
Магіла А. І. Стульгінскага на беразе Іпуці ў Добрушы, 1916 г. (Фота з сямейнага архіву Міхала Здраеўскага (Варшава))
Няма ўжо нікога з тых, хто б мог больш распавесці пра жыццё і дзейнасць Антона Стульгінскага, пра тагачасныя Добруш і Гомель, няма тых людзей і таго жыцця, няма нават той краіны. Таму агульнымі намаганнямі варта захаваць малыя кроплі памяці для нашых дзяцей. Няхай яны перададуць далей годнасць сваіх землякоў. Шануйце сваё!

Хроніка фабрыкі

  • 1870 г. — князь Фёдар Паскевіч заснаваў Добрушскую папяровую фабрыку
  • 1878 г. — дырэктарам прызначаны Антон Стульгінскі
  • 1879-1880 гг.— пабудова чыгуначнай лініі Гомель-Добруш для патрэб фабрыкі
  • 1882 г. — адкрыццё першай у Беларусі фабрычнай лабараторыі
  • 1885 г. — адкрыта пачатковая школа і рамесніцкае вучылішча для дзяцей фабрычных працаўнікоў
  • 1889 г. — уведзена ў строй першая на Беларусі Добрушская электрастанцыя і адна з першых цэнтральных тэлефонных станцый
  • 1894 г. — упершыню ў Расійскай імперыі на фабрыцы ўведзены 8-гадзінны працоўны дзень
  • 1895-1900 гг. — заснаваны фабрычная бальніца, аптэка, духавы аркестр і хор
  • 1901 г. — уведзены трохзменны працоўны графік
  • 1904 г. — уведзена абавязковае страхаванне фабрычных рабочых.

Фото з сямейнага архіву Міхала Здраеўскага (Варшава)
Только в «ГП»


bbjff8hml2c01i7ceprql7cojdn6uh18.png
УП Экорес сайт.jpg
гранитснабсбыт_сайт.jpg
морозовичи-агро11.jpg
0 Обсуждение Комментировать
Гость 01/01/1970 03:00
Интересная, отличная  статья...
Хотелось бы почаще видеть в Вашей газете подобные эксклюзивные материалы!
Успехов Вам!
Цитировать
М 01/01/1970 03:00
Вельмі цікава! Дзякуй за цудоўны артыкул.
Цитировать
Гость 01/01/1970 03:00
Вельмі цікавы артыкул! Дзякуй аўтару.
Цитировать
Ulfer 01/01/1970 03:00
Весьма познавательная статья о выдающемся земляке. Хотелось бы больше видеть информации о уроженцах этой земли, внесших вклад в ее развитие. Нам давно пора серьезно  взяться за изучение своего исторического  и культурного наследия. Именно такие люди должны быть примером для экономического развития страны.
Цитата
    Няхай яны перададуць далей годнасць сваіх землякоў. Шануйце сваё!
- лучше и не скажешь.
Цитировать