Настройки шрифта
По умолчаниюArialTimes New Roman
Межбуквенное расстояние
По умолчаниюБольшоеОгромное
Вверх
Мнение, Тамара Крюченко :

Люблю твае, Нарач, затокі і тоні…

Добавлено 24.08.2012 7640 0
“Парог, вычасаны з успамінаў, застаўся за мной…” Гэтыя радкі паэта прыгадаліся мне па дарозе ў бок вёскі Пількаўшчына Мядзельскага раёна Міншчыны, радзімы Яўгена Іванавіча Скурко (Максіма Танка). Па добрай завядзёнцы Людміла Несцяровіч, дырэктар цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Максіма Танка, паклікала нас 7 жніўня на памінальную сустрэчу землякоў каля танкаўскіх крыжоў на могілках у вёсцы Новікі. Работнікі культуры Мядзельшчыны, бібліятэкары, настаўнікі, школьнікі, члены літаратурнага аб’яднання “Медуніца”, жыхары вакольных вёсак прыехалі, прыйшлі са шматколернымі букетамі восеньскіх кветак, са шчырымі згадкамі пра паэта, яго творчую спадчыну. Прыбыў са сталіцы вядомы паэт Мікола Шабовіч, ураджэнец вёскі Бадзені. Мы ўсклалі кветкі, запалілі свечку, памаўчалі. А потым шырокай ракой пацяклі ўспаміны пра знакамітага земляка. І я не магла не падзяліцца пра сустрэчу з Танкам дзесьці ўлетку 1965-га на яго нарачанскай дачы… Яўген Іванавіч быў знаёмы з маім бацькам: яны з суседніх вёсак, практычна равеснікі. Паэт быў толькі на два гады старэйшы. А бацька — музыка, іграў на гармоніку на вяселлях, неаднойчы слухаў Танка, калі ён выступаў перад моладдзю, заклікаў зберагаць сваё, роднае ад польскага ўплыву… Мне карцела пабачыць Танка, бо я яшчэ ніколі ў жыцці не бачыла ўвачавідкі пісьменніка. Паэт уяўляўся мне адметнай асобай. Дзіцячая фантазія малявала  дзядзьку, апранутага ў шыкоўны касцюм, бялюткую кашулю, яркі гальштук і абавязкова модны капялюш. Мы паехалі з бацькам у курортны пасёлак на Нарачы, які тады называлі Купа, на старым масквічку. Вязлі пачастунак — пакунак сакавітых салодкіх ігруш. Калі бацька скіраваў за вароты дачы, я з нецярплівасцю дзіцяці ўглядалася ўслед і чакала, калі ж з’явіцца паэт. Неўзабаве з бацькам выйшаў… звычайны дзядзька, які, відаць, толькі што выкупаўся ў возеры, бо быў у мокрых сямейніках. Ён зычна смяяўся, пра нешта расказваючы. А майму расчараванню не было мяжы. “Гэта Максім Танк?” — перапытвала я бацьку на зваротнай дарозе. А ён гаварыў, што гэта і ёсць народны пісьменнік, бо ён нават знешне не выдзяляецца з народу… Адзіны аўтограф у Танка я брала ў купалаўскай Вязынцы ў ліпені 1972 года, якраз перад пачаткам вучобы на філфаку ўніверсітэта. Ён распісаўся на ўласным вершы “Ave Maria” ў кніжцы “Зорка Венера”, дзе сабраны лепшыя ўзоры беларускай лірыкі кахання. Колькі разоў пазней у гады студэнцтва ў Мінску даводзілася бываць на пленумах Саюза пісьменнікаў, на розных юбілейных вечарах у Доме літаратара і бачыць, слухаць Танка, але ніколі не адважылася падысці і перадаць зямляцкае прывітанне. І ўжо шмат пазней ад народнай артысткі Беларусі Марыі Захарэвіч даведалася, як адгукаўся паэт на просьбы землякоў, стараўся дапамагчы і падтрымаць, вырашаў шматлікія бытавыя пытанні. 17 гадоў таму, калі была ў водпуску на радзіме, пачула горкую навіну пра смерць паэта, ездзіла разам з мядзельцамі праводзіць яго ў апошні шлях. Прыйшла ў край наш горкая навіна —Не стала Танка, песняра Максіма.Ступаем з хваляваннем на падворак,Дзе ён бываў і ў радасці, і ў горы… Вось і цяпер, пакланіўшыся памяці паэта на могілках у Новіках, мы вырашылі праехаць на аўтобусе ў Пількаўшчыну, паслухаць згадкі Марыі, жонкі брата паэта — Хведара. Кiруючыся праз лес, думалася: з колькіх вандровак паэт вяртаўся сюды, на свой хутар. Зараз нават цяжка ўявіць, што можна пехатой прыйсці ў гэты куток аж з Вільні. А Танк неаднаразова гэта рабіў, каб сэканоміць дарожныя грошы на набыццё кніг, білетаў на спектаклі, кіно. У дзённікавых запісах 1935 — 1939 гадоў, выда­дзеных кнігай “Лісткі календара”, Танк пазначае: “…Прыемна, ідучы, адчуваць, што колькі б небасхілаў ні змыкалася над дарогай, усе яны застануцца за табой: Кабыльнік (зараз вёска Нарач — аўт.), рыбацкія вёскі — Мядзела (цяпер райцэнтр — аўт.), Навасёлкі, Трыданы, Лук’янавічы, Беразнякі, Ліпава, Магдуліна… Нарэшце замаячылі і пількаўскія хутары і страха нашай хаты, здалёк падобная да шалаша, бо сам зруб яшчэ хаваецца за паласой ярыны, за цёмнай зелянінай кустоў сліў. У цішыні чую скрып асвера. І неяк раптам захацелася прагнаць дарожную смагу, напіцца з дамашняга драўлянага, шчарбатага ад часу, прымацаванага да вочапу вядра… Што ні кажы — глухі куток. За лета нават куры да таго падзічэюць, што часта начуюць і нясуцца ў лесе ў кустах. Але нідзе я сябе так добра не адчуваў, як дома, са сваімі думамі, падобнымі да шумнага гаманлівага кірмашнага натоўпу”. Вось і зараз даехаць да хутара мы не змаглі — шлях аўтобусу перагарадзілі дрэвы, паваленыя навальніцай. Напярэдадні яна прайшла па Мя­дзельшчыне, вецер павыдзіраў з каранямі нават магутныя сосны. Так што астатнія паўкіламетра да сядзібы Максіма Танка мы ішлі, пераадольваючы завалы, адчуваючы радасны сверб у душы: хутка, хутка паэтава роднае гняздо. Прыпомнілася, як у дзень пахавання ад парога хаты да апошняй дарогі пісьменніка былі пракладзены тканыя каляровыя дарожкі, як доўгі людскі ланцужок ішоў па іх развітацца са сваім песняром. Яго апошняя воля — быць пахаваным побач з бацькамі, разам са сваёй любай жонкай Любоўю, якую ён зваў Лю. Яны пазнаёміліся ў віленскай беларускай гімназіі. Пазней, у 1935 — 1937 гадах Любоў працавала перакладчыцай у ЦК кампартыі Заходняй Беларусі ў Варшаве. А кватэру яе бацькоў у Вільні Яўген Скурко выкарыстоўваў для падпольных явак. Дарэчы, тут адбылася і нарада рэвалюцыйных пісьменнікаў Заходняй Беларусі… Любоў Андрэеўну мне даводзілася колькі разоў назіраць на дачным узбярэжжы Нарачы, калі яна сядзела на лаўцы каля дома і слухала шум хваляў і карабельных  соснаў. Мо жанчына такім чынам старалася стварыць ідэальныя ўмовы для літаратурнай працы свайму мужу-творцу. Яна памерла ў сакавіку 1995-га, і ўрначку з прахам жонкі Танк захоўваў колькі месяцаў у суседнім пакоі мінскай кватэры, каб сысці разам у іншы свет. Вось такі ўзор адносін Паэта і Музы… Каля сядзібы нас сустрэла 80-гадовая цётка Марыя. Яна шчыра парадавалася гасцям, бо вельмі адзінотна тут, на хутары, нават няма з кім перакінуцца словам. Адзіны сын, сам ужо пенсіянер, жыве на Віцебшчыне, зрэдчас наязджае да матулі. Марыя Іванаўна запрасіла нас у танкаўскі дом, і мы з непаўторным хваляваннем ступілі праз парог, патрымаліся за дзверы, паслухалі стогн жнівеньскага ветру ў коміне. Пакраталі рукамі дываны, даўнія кнігі невялікай дамашняй бібліятэкі. Адчулі, якая бездань часу аддзяляе нас ад таго перыяду, калі Яўген Іванавіч працаваў у падполлі, быў арыштаваны, сядзеў у віленскай турме Лукішкі. Напэўна, узяў таму я гэту мову, Што на ёй рэкі, пушчы гаварылі,Шумелі ў полі каласы і травы,Пераклікаліся на пожнях птушкі,Што з ёю было лёгка стаць чым хочаш — Пявучай скрыпкай, жаўруком, паэтам… — Чалавек быў Яўген Іванавіч вельмі харошы. Ніколі не прыязджаў да нас без падарункаў. Вазіў, і што мог, адгэтуль,— нетаропка распавядала цётка Маня. — А мой Хведар заўсёды яму званіў і паведамляў: “Жэня, прыязджай, будзем калоць парсюка”. Ежу нашу вясковую любіў. Аднаго разу прыехаў і кажа: “Маня, спецыяльна не снедаў, каб ты мне што паесці дала”. А я разгубілася, бо нічога такога смачнага не было. Як бы заўважыўшы маю разгубленасць, Яўген Іванавіч спытаў: — А ты што варыла ў печы? — Бацвінне… — адказваю. — О-о-о! — выгукнуў Танк з задавальненнем. Выцягнула бацвінне, наліла ў міску, дастала з яго і ладны кавалак сала. З такім смакам Танк упісваў гэтую нашу простую ежу, што я свайго мужыка паклікала і сказала: “Глядзі, як чалавек есць, а ты вечна поркаешся”. Многім землякам ён памог, многіх студэнтаў адвучыў. Неяк пазванілі паэту інстытуцкія выкладчыкі, што сын Вольгі Скурко з Новікаў свавольнічае. Танк забраў таго Міколу, прывёў ледзь не за каўнер да сябе ў кватэру. Паклаў каля батарэі ацяплення бацькоўскі кажух і сказаў: “Ляжы тут, калі табе цесна ў інтэрнаце”. Так перавыхоўваў. Кажуць, што і Колі таго ўжо няма, памёр… Дай Бог не зведаць мне бяды,Дай Бог не зведаць мне самоты,Калі вярнуся зноў сюды —У любы край, у край пяшчоты,Дзе сны сузорацца мае,Дзе мар маіх плывуць аблокі,Дзе ў роснай ранішняй травеМаёй вясны блукалі крокі — радкі свайго верша, прысвечанага Максіму Танку, чытаў Мікола Шабовіч. Для мяне асабіста сёлетні прыезд на радзіму быў вельмі горкі, бо ад бацькоўскай хаты ў райцэнтры Мядзел застаўся адзін падмурак: не даглядзелі яго новыя гаспадары. Ацалелі ў вогнішчы пажару толькі гаспадарчыя пабудовы, яшчэ пазначаныя працай бацькоўскіх рук.  Але стоячы на родным падворку, адчувала, што ніякі агонь не вынішчыць повязі з роднай зямлёй, яна была, ёсць і будзе: Бы па нябожчыку — па домуЯ галасіла на падворку.Мне яблыня была падпоркайАд горычы, дарожнай стомы.Я не баялася ўпасці,Баялася адчуць чужою,У родным краі — за мяжоюСвайго з ім вечнага прычасця.Яшчэ я бачыла крыніцу,Гняздо сваё, сваю буслянку,Бацькоўскай працы круг сялянскі, —Зямлі сваёй мне не пазбыцца!З сабою ўзяла я клямкуІ кошык бацькавай работы,Каб класці ў яго турботыІ зноў цягнуць адвечну лямку. Сімвалічна, што шлях у сталіцу ляжаў гэты раз для мяне праз нарачанскі курорт. Возера-мора хвалявалася пад націскам халодных балтыйскіх вятроў. Але і непадалёк ад берага, і ў шызай смузе далечы віднеліся драўляныя лодкі з рыбакамі, якія вялі звыклы свой промысел. І міжволі загучалі ў сэрцы танкаўскія радкі: Люблю твае, Нарач, затокі і тоні,Як вецер густыя туманы развесіць,Ці пена срабрыста на хвалях зазвоніць,Цалуючы зоры, калышучы месяц…
0 Обсуждение Комментировать