Настройки шрифта
По умолчаниюArialTimes New Roman
Межбуквенное расстояние
По умолчаниюБольшоеОгромное
Вверх
Мнение, Тамара Крюченко :

95 гадоў таму назад на Гомельшчыне нарадзіўся народны пісьменнік Беларусі Іван Шамякін

Добавлено 31.01.2016 10849 0
Чым больш гадоў праходзіць пасля нашай незабыўнай апошняй журналісцкай сустрэчы з пісьменнікам-земляком на яго дачы ў Ждановічах пад Мінскам 12 ліпеня 2002 года, тым больш яскрава ўсведамляеш, якога сына дала свету добрушская зямля. 
Шамякин_1.jpg
Іван Пятровіч меў непарушную сувязь з ёю, чэрпаў інфармацыю пра родны край з нашай “Гомельскай праўды”. Помніцца, як ён расчуліўся і згадваў першыя публікацыі старонак сваіх празаічных твораў у абласной газеце. Яшчэ ў даваенны час Іван Шамякін наведваў літаратурнае аб’яднанне пры “Гомельскай праўдзе”, пачынаў як паэт... 
000024_496593_big.jpg
Згадваецца, як у той ліпеньскі дзень 2002-га перад здымкамі нашым фотакарэспандэнтам Мікалаем Бяльковічам і гомельскімі тэлежурналістамі пісьменнік вырашыў пагаліцца і запрасіў мяне прайсці з ім углыб дачнай будыніны, у свой рабочы кабінет. Узру­шылі сціплая абстаноўка і вельмі пранізлівая споведзь, роздум на вечную тэму “бацькі-дзеці”, навеяны на яго дзённікамі Льва Талстога, якія тады чытаў. 
Была шчырасць такога кшталту, калі чалавек адчувае побач роднасную душу: дагэтуль дзякуючы Міколу Мятліцкаму ўжо двойчы гутарыла з народным пісьмен­нікам, прычым першы раз у Гомелі ў жніўні 1986-га, пасля катастрофы на ЧАЭС. Тады дэпутат Вярхоўнага Савета СССР Шамякін прыехаў з групай літаратараў, каб паведаміць жыхарам палескай вёскі Бабчын пра адсяленне. Была ў тыя дні і пранізлівая, душэўная сустрэча з гамяльчанамі ў абласным драматычным тэатры: букеты жнівеньскіх кветак гараджане дарылі з удзяч­насцю народнаму пісьменніку-земляку. Памятаецца, як гэта гутарка падняла дух людзей, намер змагацца з бядой.
А падзяляць лёс свайго народа ў самыя цяжкія моманты гісторыі для Івана Пятровіча, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, было натуральным. Настолькі, што іншых варыянтаў паводзін не ўзнікала і ў думках. Памятаецца яго засяроджанасць, сканцэнтраванасць на тэме тэхнагеннай катастрофы: ужо тады выспявала задума чарнобыльскай аповесці “Злая зорка”, і ён чэрпаў дэталі з гутарак з землякамі... 
І вось я перачытваю дзённікі Івана Шамякіна і знаходжу ў іх столькі светлых, прачулых радкоў пра нашу Гомельшчыну. Роздумы пра радзіму, жыццё, людзей, творчыя планы. Дзіўнае адчуванне, быццам суразмоўца побач з табою... Вось толькі некалькі цытат:
Воленка, Пракопаўка, Макаўе, Сож...
“Воленка была райскім кутком зямлі. Невялікі квадрат старога лесу (гектараў сто), пераважна лісцевага — дуб, граб, клён, алешына, бяроза. Пасярод лесу, паміж дубоў, невялікая паляна з хатай лесніка: тут была звычайная хата, не кардон, не “стража”, што будаваліся яшчэ да рэвалюцыі ў лясах князя Паскевіча па адным праекце. Вакол — палі і калгаснае дробналессе. Бліжэй­шыя вёскі — Пракопаўка і Займішча. Але Займішча было ўбаку. На шляху — Пракопаўка з былой панскай ся­дзібай, з прыгожым паркам, з рэчкай Церухой, якая тады, да асушэння балот, заўсёды была паўнаводнай, рыбнай, асабліва многа лавілі ракаў; цяпер Церуха ля Пракопаўкі — канаўка, толькі каля Церухі яна яшчэ рэчка, хоць і абмялелая. Воленка падабалася мне, юнаму паэту. Бацьку ж яна зусім не здавалася раем...”
шамякин в школе.jpg
“Бацькі далі мне права выбару: застацца ў Кармянскай школе ці хадзіць у сёмы клас у Макаўе, за сем кіламетраў. Я выбраў Макаўе, гэтак палюбіў Воленку, Пракопаўку. Адлег­ласць не палохала. І я не пралічыўся. Апошні школьны год, бадай, быў самы яркі, шчаслівы, багаты на добрае сяброўства, рамантычныя захапленні”.
“Беларускую мову і літаратуру выкладала Яўгенія Кузьмінічна Анціпава. Думаю, што менавіта яна навучыла мяне сапраўднай беларускай мове, мове Купалы і Коласа, у канцы года я пісаў самыя лепшыя сачыненні, без адзі­най памылкі. І літаратуру яна выкладала неяк зусім інакш, чым рабілі гэта другія настаўнікі, — з нейкім асаблівым набліжэннем да жыцця...” 
“Дзіўна, што з гадамі ў мяне знікла цяга да вады. Праўда, Сож люблю. А Мінскае вадасховішча, каля якога гуляю штодня, пакідае раўнадушным. Не вельмі ахаю і на Нарачы. Каля Сожа нейкая асаблівая атмасфера, можа, толькі там жыву маленствам”.
“Я — увесь у маці, у яе быў на дзіва мяккі характар. Сварлі­васць матак некаторых маіх сяброў непрыемна ўражвала, з малых гадоў я лічыў, што ўсе маткі павінны быць такімі, як наша”.
Тэма вайны
“Недзе, здаецца, у 1942 го­дзе трапіў да мяне ў падначаленне, у гарматны разлік, чалавек гадоў пяцідзесяці, бацька дарослых дзяцей, сыны ваявалі. Каман­дзірам агнявога ўзвода быў неразумны, па-дурному пры­дзірлівы лейтэнант. Я заеўся з ім і вырашыў пісаць рапарт з просьбай паслаць мяне ў франтавую артылерыю. Дык стары доўга ўгаворваў мяне не рабіць гэтага. Усё-такі ў зенітчыкаў не было такіх страт, як на батарэях першага эшалона, асабліва ў су­працьтанкавых. Мы — другі эшалон. Стары любіў мяне, як сына, і засцерагаў. Цяпер я разумею: ён не быў ні баязліўцам, ні дрэнным патрыётам, у ім жыла адвечная бацькоўская мудрасць: дзе можна, зберагчы дзяцей. Мудрасці такой не заўсёды хапала ў некаторых вялікіх і малых военачальнікаў: часам страты былі неапраўданыя, не па маштабу тактычных поспехаў. Напрыклад, дагэтуль не магу зразумець, навошта было штурмаваць акружаны Кёнігсберг так, як мы яго штурмавалі, у той час, калі армія падступала да Берліна?”
“Я, знаходзячыся ў Кандалакшы, прачытаў пра зверскую акцыю ў Церусе ў артыкуле Ільі Эрэнбурга і вельмі моцна перажываў. Не знайшоўшы Машу ў эвакуацыі, хоць разоў колькі звяртаўся па радыё, я здагадваўся, што перажыць усю навалу яна магла толькі ў бацькавай хаце. На шчасце, першае ж маё пісьмо знайшло жонку: Вольга ўзяла яго на пошце і сама прынесла Машы; здаецца, і пісаў я Вользе, спадзеючыся, што ацалела яна, старэйшая, беспартыйная”.
“Гандлярка і паэт”
“У Саюз пісьменнікаў прыйшла жанчына, прынесла сшытак вершаў на рускай мове. Без аўтарства. Гісторыя: у пачатку вайны цётка гэтай жанчыны выкупіла ў Масюкоўшчыне палоннага, хворага хлапчыну. І хлопец пісаў вершы. Хлопец памёр ад туберкулёзу. Ці ўяўляюць яго вершы каштоўнасць? — цікавіла жанчыну. Вершы вучнёўскія, але патрыятычныя. Дакумент часу! Я прасіў “ЛіМ” надрукаваць іх. Але во ён, сюжэт: Вольга выкуплівае палоннага, і ён паэт! Для немцаў ён яе муж. А для суседзяў? Незвычайная сітуацыя ў звычайных для вайны абставінах...
...Хтось з маіх калег пажартаваў: “Гэта так проста — пі­саць. Кладзі перад сабой паперу, бяры запраўленую аўтаручку — і... страчы. Напішацца само”. Не, само не пішацца. Два дзясяткі гадоў “насіў” Вольгу... Колькі пасля прыйшлося перачытаць дакументалістыкі па падполлі. Між іншым, мая асаблівасць, амаль закон: калі пішу, мастацкія творы на гэтую тэму не чытаю. А дакументальныя рэчы, гістарычныя даследаванні — гэта сыравіна, па сутнасці, нічыйная: бяры! З гісторыі сюжэты бралі ўсе. У сусветнай літаратуры нямнога імёнаў сур’ёзных пісьменнікаў, якія б не чэрпалі з мора гістарычных фактаў... У рускай літаратуры першы прыклад павагі да гістарычных падзей даў Пушкін — у “Барысе Гадунове”.
Творчасць
“Мая тэорыя, якой я трымаўся: у рамане кожны раздзел будаваць, як навелу: завязка, кампазіцыя, развязка, але кампанаваць раздзелы так, каб была агульная завязка, агульная развязка. Кульмінацыйных вяршынь можа быць некалькі. У “Снежных зімах” — кульмінацыя “ваенная”, кульмінацыя “мірная”, і ў Антанюка, і ў Надзі”.
“Я рэдка пісаў у гасцініцах — хіба артыкул газетны. У санаторыях пісаў. У “Соснах”, напрыклад, вельмі прадукцыйна. Як увосень 1989 года пісалася там “Злая зорка”, старонак 50 адмахаў за 22 дні...”
“Вопыт ці жыццё прывялі да гэтага жанру — да кароткіх аповесцей: “Зямны рай” і “Вернісаж” — па два аркушы, “Сатанінскі тур” — чатыры, “Падзенне” — пяць, “Адна на падмостках” — тры. За 16 месяцаў я напісаў 16 аркушаў...”
Лаўлю сябе на думцы, што ў газетнай публікацыі наўрад ці здолею працыта­ваць усё, што важна, перадаць усе клопаты чалавечыя, літаратурныя, якімі жыў Іван Пятровіч. Хочацца данесці да сучаснікаў яго свое­асаблівы запавет: каб гадавалі душы свае, не апускаліся да дробязяў у чалавечых стасунках, каб звярталіся да творчасці класікаў, чыталі. 
Дарэчы, у пачатку сваёй літаратурнай дзейнасці Іван Шамякін быў актыўным аўта­рам нашай газеты. “Дзякую “Гомельскай праўдзе” за падтрымку, за прапаганду маёй творчасці, усёй беларускай літаратуры”, — такі аўтограф пакінуў пісьмен­нік землякам. 
Шамякин.jpg
Мы павінны ганарыцца: няма ў Беларусі такога краю, як Гомельшчына, які б нара­дзіў такіх волатаў-пісьменнікаў: Іван Шамякін, Іван Мележ, Андрэй Макаёнак, Іван Навуменка, Барыс Сачанка... На сёлетніх Днях беларускага пісьмен­ства, якія будзе прымаць макаёнкаў­ская Рагачоўшчына, узгадаецца і пра сапраўднае сяброўства пісьменнікаў-землякоў — Івана Пятровіча Шамякіна і Андрэя Ягоравіча Макаёнка.
1361703406.jpg
0 Обсуждение Комментировать