Вверх


Санюкі. Ельскі раён. Вандроўка семдзесят першая

2203 0 17:37 / 20.12.2020
Пра сваю родную вёску Санюкі нам расказвала, бы спявала, ветэран культуры, а цяпер работніца паляўнічага доміка ў Бабруйках Людміла Глухатарэнка. Працуючы ў бібліятэцы, яна не ленавалася фіксаваць звесткі ад старажылаў сваёй вёскі, удзельнічала ў шматлікіх праектах па захаванню гістарычнай памяці Санюкоў. Людміла Фёдараўна парадавала сваімі ведамі.

IMGL9686.jpg
Калісьці ў вёсцы Санюкі
быў што ні дом – Назарчукі,
І людзі з прозвішчам такім
Жывуць, напэўна, тут вякі» 
(Людміла Глухатарэнка)

– З дзяцінства памятаю, што ў нас тут было шмат самых розных драўляных санак як для дзяцей, так і для дарослых, – прыводзіць суразмоўца адну з версій пра назву. – Наша вёска пачыналася з Рудні, называлася раней Санькова Рудня. Здавён валодалі ёй Лінкевічы (па шэрагу публікацый Лянкевічы – заўвага аўтара). Быў пабудаваны маёнтак, разбіты парк з алеямі. Там потым была школа.

IMGL9643.jpg
Людміла Глухатарэнка знаёміць з творчасцю мастака Мікалая Назарчука

З гісторыі вёскі

Санюкі ў 1809 годзе былі ў складзе Мазырскага павета Мінскай губерніі як сяло Санюкоў. Пазней – у складзе маёнтка Міхалка. У 1897 годзе была школа граматы, на дваранскай сядзібе працаваў вадзяны млын. Праз год пабудавалі новую школу. 15 вяскоўцаў займаліся бондарствам.

У 1908 годзе Санюкі ўжо ў складзе Міхалкаўскай воласці Мазырскага павета. Па звестках Людмілы Глухатарэнкі, дваранка польскага пахо­джання Элаіза (ці Леакадзія) Лінкевіч, гаспадыня маёнтка, у рэвалюцыю збегла адсюль у Польшчу. Вярнулася ў 1918-м з немцамі, калі ўжо сяляне разрабавалі будынкі, пабудавалі сабе хаты, печы. Жорстка, ра­зам з кайзераўцамі, патрабавала вярнуць усё забранае.

У 1929 годзе тут арганізавалі калгас «Энергія», мелася нават кузня. 18 жніўня 1941 года нямецка-фашысцкія захопнікі акупіравалі вёску. У 1943-м у баях за вызваленне Санюкоў загінулі 32 воіны Чырвонай арміі, 66 вяскоўцаў не вярнуліся з франтоў Вялікай Айчыннай вайны.

Ваколіцы роднай вёскі ўславіў на сваіх карцінах член Саюза мастакоў Беларусі Мікалай Назарчук. Цікавы факт яго біяграфіі: у студзені 1944-га адвучыўся на курсах размінёраў у Мазыры. Вясною ўжо ўдзельнічаў у абяскоджванні боепрыпасаў на роднай зямлі. Потым служыў у арміі, у артылерыйскім палку. У 1947-м узнагароджаны як былы размінёр медалём «За адвагу».

Жывапісец Назарчук удзельнічаў у выставах не толькі ў Беларусі, але і ў Расіі, Англіі, Польшчы, Францыі. У мінулым годзе памёр. У мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага ў Мінску прайшла мемарыяльная выстаўка карцін славутага мастака і педагога.

560 жыхароў было ў Санюках у 1959 годзе. Зараз тут пастаянна пражывае 88 чалавек, з іх шмат дачнікаў.

У гэтай палескай вёсцы цікава было пазнаёміцца з яе старэйшынамі. Даведаліся, што і такіх людзей ужо небагата, хаты многіх купілі дачнікі. 


    

Дома і рэдзька саладзейшая!

У Марыі Ахрэмчык усё жыццё звязана з родным краем. 20 сту­дзеня 2021 года жанчына стрэне сваё 88-годдзе. Марыя Міхайлаўна – маці-гераіня, працавала тэхнічкаю ў саўгаснай канторы, клубе, выгадавала 6 дзяцей, мае 14 унукаў, 12 праўнукаў. «Усе зімаваць завуць, усе ў мяне цудоўныя, клапоцяцца. Ды нікуды не хочацца са сваёй хаты!» – па­дзялілася з намі, як высветлілася, маці Людмілы Глухатарэнкі. 
  
IMGL9730.jpg
Марыя Ахрэмчык: «Цяпер я вось такія дыванкі пляту. Як без работы?»
  
Тут, на вуліцы Зарэчнай, мы слухалі пранізлівую споведзь Міхайлаўны пра ваеннае дзяцінства, страту родных людзей: 
 
– Маміна цёця жыла ў Палаўках, кіламетры тры ад Санюкоў. Як паблізу тут ужо фронт ішоў, мама адвяла нас да яе. І сама з намі засталася. А дзядуля Іван Мацвеевіч з бабуляй Маланняй Данілаўнай, калі іх гналі ў Міхалкі, скіравалі ў лес, у куранях жылі. Вырашыў дзед прыйсці дамоў узяць якога харчу. Бабуля сказала, што аднаго не пусціць. Выйшлі з лесу, а немцы іх схапілі бы партызан. У крайняй хаце сабралі 18 чалавек, пастралялі. Нізашто людзі загінулі!

44 гады працоўнага стажу

Сустрэліся мы надвячоркам і з аднагодкам Марыі Ахрэмчык, ветэранам працы, былым трактарыстам, вадзіцелем Мікалаем Назарчуком. За выдатную работу шафёр Назарчук атрымаў у дарунак ад гаспадаркі грузавік ГАЗ-51, на якім багата папрацаваў і на заслужаным адпачынку, дапамагаў землякам. Ужо 11 гадоў, як ён страціў сваю гаспадыню, з якой пражылі ў згодзе 53 гады, выхавалі чацвёра дзяцей, пахавалі аднаго з сыноў. «Дачка Марыя – мой дарадца і памочнік ва ўсім!» – не без гонару сказаў дзядзька Мікалай. 

Мікалай Назарчук: «Машына мая і зараз на хаду, учора суседу дапамагаў па гаспадарцы»

...З дзяцінства яму памятаецца, як праводзіў да скрыжавання вуліц бацьку і брата Мішу. Іх прызвалі на фронт. Брат доўга не вяртаўся, думалі, што дзесьці загінуў. А ён дайшоў да Берліна, быў паранены нямецкімі снайперамі. Пасля вайны ветэран жыў у Карэліі да 96-гадовага ўзросту.

– У 1952-м мяне ў армію пры­звалі, – дзяліўся Мікалай Назарчук. – З Калінкавічаў ехалі з канца мая да 22 чэрвеня. Аж у горад Савецкая Гавань, там порт Ваніна. Праз непрацяглы час – на караблі даставілі на Камчатку, потым служыў на Курыльскіх астравах. Пісарам быў у каравульным узводзе. Свету пабачыў! 

У 1966-м Мікалаю Аляксандравічу пашанцавала трапіць на перападрыхтоўку ў дэсантнікі: так што на Міншчыне давялося тройчы скокнуць з самалёта на парашуце. 

– Страхоцце таке! – па-санюкоўску ўзгадаў наш суразмоўца. 

Мы ж пажадалі пенсіянеру і ўсім яго землякам здароўя, як мага больш радасці, дабрыні, шчасця. Няхай новы год, сімвал якога Бык, дапаможа ўсім скінуць гэты каронавірус, сустрэцца са сваімі сямейнікамі, сябрамі, пагаманіць, пасвятка­ваць. Нам падалося, што вяскоўцы-палешукі пакутуюць не менш ад той нязвыклай ізаляцыі, у якой апынуліся ў гэтую працяглую эпідэмію. Было радасна выслухаць жыццёвыя споведзі іх, наталіцца крышталёвай вадою ельскіх моўных крыніц.

Санюкоўскі слоўнік
Саматужкі – санкі
Пуляняты – кураняты
«Пуль-пуль-пуль» – так клікалі курэй
Разявеня – няўважлівы чалавек
Пшэйка – карова
Прышалепкаваты чалавек – крыху з галавой не сябруе
Шапутасікі – дробная бульба
Папорацца – управіцца па гаспадарцы




Актуально
Фото Алексея Герасименко
водители.jpg
Untitled-1.jpg
0 Обсуждение Комментировать