Настройки шрифта
По умолчаниюArialTimes New Roman
Межбуквенное расстояние
По умолчаниюБольшоеОгромное
Вверх



Да 100-годдзя народнага пісьменніка Беларусі Івана Мележа ў Растоўскай вобласці адкрыецца музейная экспазіцыя

3222 0 15:34 / 03.02.2021

У дзень нараджэння класіка на растоўскай зямлі з’явіцца новы куточак беларускай культуры– тут ствараецца мемарыяльны літаратурны пакой народнага пісьменніка Беларусі Івана Мележа.

Библиотека Мележа.jpg

Экспазіцыя Івана Мележа ў Пятрушынскай сельскай бібліятэцы Растоўскай вобласці Расіі

Як паведаміў старшыня Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Уладзімір Гаўрыловіч, у 2017 годзе Пятрушынскай сельскай бібліятэцы, што ў Растоўскай вобласці, прысвоена імя класіка беларускай літаратуры Івана Мележа. Такое рашэнне прынята на заканадаўчым узроўні расійскага рэгіёна як вынік плённага творчага супрацоўніцтва пісьменнікаў Гомельскага абласнога аддзялення ГА "Саюз пісьменнікаў Беларусі" і іх расійскіх калег.

Беларускія і расійскія літаратары з Растоўскай вобласці пасябравалі даўно, актыўна працуючы разам у межах двух творчых праектаў – міжнароднага фестывалю-свята “Славянскія літаратурныя дажынкі” і ўзнікшага пазней міжнароднага фэсту-конкурсу паэзіі і паэтычных перакладаў “Берагі дружбы”.

– Калі зайшла гутарка пра новы творчы праект перакладаў у 2017 годзе, у якім напачатку працавалі толькі аўтары-гамяльчане, а пасля ўключыліся прафесійныя і маладыя паэты ўжо з усёй Беларусі, сябра нашай краіны расійскі паэт Леанід Север агучыў ідэю увекавечвання аднаго з творцаў беларускай літаратуры ў растоўскім краі, – адзначае Уладзімір Гаўрыловіч. – Мы прапанавалі ўшанаваць памяць народнага пісьменніка Беларусі Івана Мележа, выхадца з Хойніцкага раёна Гомельшчыны. І мелі рацыю: творца – удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, быў цяжка ранены ў 1942 годзе пад Растовам-на-Доне, лячыўся ў растоўскім шпіталі, затым быў адпраўлены ў тыл і камісаваны.

Аформленая афіцыйна прапанова аддзялення была накіравана кіраўніцтву расійскага рэгіёна, прынята, разгледжана і хутка рэалізавана: імя класіка беларускай літаратуры Івана Мележа летам 2017-га атрымала муніцыпальная бюджэтная ўстанова культуры "Пятрушынская сельская бібліятэка Новабессяргенеўскага сельскага пасялення Няклінаўскага раёна Растоўскай вобласці”. Тады ж з удзелам кіраўніцтва Гомельскага аддзялення СПБ у Пятрушына была ўрачыста адкрыта мемарыяльная дошка, абласная пісьменніцкая арганізацыя перадала ў дар бібліятэцы кніжныя падарункі – творы Мележа.

В библиотеке Мележа.jpg

Беларускі празаік Уладзімір Гаўрыловіч з работнікамі культуры Няклінаўскага раёна ў Пятрушынскай сельскай бібліятэцы

Час паказаў: да творчасці класіка беларускай літаратуры ў расійскай глыбінцы цікавасць з году ў год толькі павялічвалася. На базе бібліятэкі, якая носіць імя Івана Мележа, штогод ладзяцца канферэнцыі, творчыя сустрэчы, у тым ліку з гомельскімі творцамі, якія ўдзельнічаюць фестывалі “Берагі дружбы”. А праз нейкі час па ініцыятыве супрацоўнікаў бібліятэчнай установы і пры падтрымцы мясцовых улад, нацыянальна-культурнай аўтаноміі "Беларусы Растоўскай вобласці" і нацыянальна-культурнай аўтаноміі "Беларусы Кубані" было прынята рашэнне аб далейшай папулярызацыі творчасці беларускага пісьменніка і адкрыцці да яго 100-годдзя на базе бібліятэчнай установы мемарыяльнага пакоя. Годная ініцыятыва зноў аб’яднала творцаў і работнікаў культуры дзвюх краін. Так, па просьбе савета аддзялення СПБ работнікі Хойніцкага краязнаўчага музея і мемарыяльнага літаратурнага музея Івана Мележа ў аграгарадку Глінішчы зрабілі нямала электронных копій фотадакументаў, звязаных з жыццём і творчасцю пісьменніка-земляка, копій арыгіналаў дакументаў, накіравалі іх у Растоўскую вобласць. Усе яны былі скарыстаны пры падрыхтоўцы экспазіцыі.

Адкрыццё ж мемарыяльнага літаратурнага пакоя Івана Мележа запланавана якраз на 100-годдзе народнага пісьменніка Беларусі. Удзельнікамі гэтай важнай падзеі адначасова стануць няклінаўцы і гамяльчане: пісьменнікі, бібліятэчныя работнікі і краязнаўцы, прадстаўнікі органаў мясцовай улады двух краін. У анлайн-фармаце пройдзе міжнародны тэлемост, пад час якога ўрачыста беларусы і рускія адкрыюць новую музейную экспазіцыю, а таксама абмяркуюць далейшае супрацоўніцтва на ніве культуры і літаратуры.

Фото з уласнага архіва аўтара
Культура


bbjff8hml2c01i7ceprql7cojdn6uh18.png
УП Экорес сайт.jpg
гранитснабсбыт_сайт.jpg
морозовичи-агро11.jpg
0 Обсуждение Комментировать