8 лютага ў аграгарадку Глінішча Хойніцкага раёна заўсёды народнае свята. Землякі шануюць дзень нараджэння песняра Палесся, аўтара неўміручай “Палескай хронікі” Івана Мележа.
І ў дзень 100-гадовага юбілею з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі ў цэнтры паселішча было шматлюдна. Вяскоўцы ішлі да філіяла Хойніцкага краязнаўчага музея — музея памяці славутага Івана Мележа. Прыбылі госці з Гомеля — работнікі культуры рэгіёна, пісьменнікі.
На ўрачыстым мітынгу былі агучаны пуцявіны жыццёвага шляху Івана Мележа, які ніколі не забываў і не цураўся сваіх “людзей на балоце”. Шчыра прывітала ўсіх прысутных старшыня Хойніцкага раённага Савета дэпутатаў Галіна Бондар. Яна падкрэсліла: “Сёння Глінішча — сучасны аграгарадок, які вырас між балот. Цудоўныя растуць тут дзеці, вучацца ў адметнай школе (да яе будаўніцтва ў свой час прычыніўся класік — аўт. заў.), адкрыты ўнікальны музей пісьменніка. А мележаўскі раман па-ранейшаму застаецца настольнай кнігай землякоў”.
Старшыня Алексіцкага сельсавета Анастасія Севярынец адзначыла: “Судакранаючыся са спадчынай нашага земляка ўсведамляеш той неаспрэчны факт, што багацейшая літаратурная спадчына Івана Мележа, — інтэлектуальная скарбонка нацыі і яе духоўная аснова, гэта тое, што нас аб’ядноўвае. З ёй трэба рухацца наперад, умацоўваць фундамент беларускай дзяржаўнасці”.
Вельмі кранула ўсіх прывітанне роднай пляменніцы пісьменніка, ветэрана галіны культуры Хойніччыны Ліліі Краўчанка. “Я нарадзілася на тым селішчы, дзе нарадзіўся Іван Паўлавіч, бегала тымі ж сцежкамі, што любіў і ён, каштавала той хлеб, які пякла і мая бабуля, Марыя Дзянісаўна, маці пісьменніка. Я ўдзячна яму за тое, што я сёння моцны карэньчык ад яго моцных каранёў. Усё, што ў ва мне ёсць добрае і светлае, гэта ад яго, Мележаўскага роду”.
Удзельнікі ўрачыстага мітынгу ўсклалі кветкі да бюста пісьменніка, пабывалі на экскурсіі ў музеі, дзе азнаёміліся, у прыватнасці, з арыгіналамі правак пісьменніка ў кнігах рамана “Мінскі напрамак, убачылі яго выступленне на творчым вечары ў Акадэмічным оперным тэатры БССР у Мінску, калі земляка прыбыў падтрымаць Глінішчанскі народны хор.
Свята доўжылася ў Доме культуры аграгарадка прывітаннем начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Хойніцкага райвыканкама Наталлі Ешчанка. Дырэктар Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі імя Леніна Марына Рафеева агучыла прысутным у зале прывітальны адрас старшыні Гомельскага аблвыканкама Генадзя Салаўя. У ім, у прыватнасці, гаворыцца: “Мележ быў песняром сваёй малой радзімы. Нездарма “Людзі на балоце” называюць Палескай бібліяй. Шэдэўры пісьменніка сталі класікай беларускай літаратуры, невычарпальнай крыніцай духоўнасці, натхнення для многіх чытачоў. І гэты каштоўны скарб мы павінны захаваць для нашчадкаў”. Шэраг работнікаў галіны культуры былі адзначаны граматамі за ўшанаванне памяці і творчай спадчыны Івана Мележа, лаўрэата Ленінскай прэміі, актыўнага грамадскага дзеяча Беларусі.
Старшыня абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзімір Гаўрыловіч, які ў свой час атрымаў на глінішчанскай зямлі творчае блаславенне як творца, падзяліўся сваімі ўражаннямі пра жыццёвы шлях класіка, агучыў імёны пераможцаў адкрытага абласнога літаратурнага конкурсу “Белыя вішні і яблыні”, прысвечанага 100-годдзю Івана Мележа. Сярод пераможцаў і Лілія Краўчанка, аўтар апавядання “Мутулін хлеб”. Ёй, як і лаўрэатам з Хойніцкага раёна, а таксама работнікам бібліятэк уручаны дыпломы абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Прыемнай падзеяй вечарыны стаў і відэазварот да землякоў вядомага беларускага паэта, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі і шматлікіх іншых Міколы Мятліцкага. “Наша хойніцкая зямля праслаўлена многімі імёнамі, але імя Івана Паўлавіча Мележа зіхціць на небасхіле Бацькаўшчыны зоркай першай велічыні” — канстатаваў ураджэнец вёскі Бабчын. Мне ж згадаліся і словы Максіма Танка: “Мележу не было патрэбы прабівацца ў літаратуру. Яна сама яго паклікала, калі ён са скарынкай хлеба ў кайстры пасвіў статак, калі знаёміўся з кніжнай мудрасцю, а потым з вінтоўкай у руках ішоў па цяжкіх і горкіх дарогах вайны, калі, паранены, вырываўся к кіпцюроў смерці”.
А як жа ўпрыгожылі канцэртную праграму выступленні творчых вакальных калектываў! Гучаў вянок песень з рэпертуару колішняга глінішчанскага народнага хору, і любімая мележаўская песня “Растуць вербы каля грэблі” у выкананні хойніцкага ансамбля “Спадчына”. Школьнікі і старэйшыя ўдзельнікі мастацкай самадзейнаці падаравалі незабыўны палескі танец “Нарэчанька”, пацвердзіўшы: жывуць на Палессі традыцыі продкаў! Госці з Ельска , народны ансамбль народнай песні “Ялінка, уладальнік спецыяльнай Прэміі Прэзідэнта Беларусі “За духоўнае адраджэнне”, не толькі ўпрыгожыў праграму сваімі каларытнымі песнямі, гумарыстычнымі кампазіцыямі, але і падняў скакаць многіх гледачоў. Свята на тое ж і свята!