Аналізуючы выказванні вядомых людзей наконт жыццёвага і творчага лёсу Івана Паўлавіча Мележа, узгадваю словы ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны паэта Міколы Аўрамчыка: «З той жнівеньскай раніцы прайшло шмат гадоў, шмат падзей адбылося за гэты час у жыцці і літаратуры, а пачуццё болю і крыўды, ад якога сцялося тады сэрца, не праходзіць і пад напластаваннямі новых перажыванняў і новых засмучэнняў. Мацней пакрыўдзіць, балючэй ударыць, страшней абрабаваць беларускую літаратуру, чым гэта зрабіла смерць Мележа, – нельга». А Вера Палтаран адзначала: «Пераступіўшы жыццёвы парог, Іван Паўлавіч вярнуўся да нас у большай славе і велічы, чым ад нас адыходзіў. Вярнуўся, каб вечна служыць не толькі бацькоўскай зямлі, якая яго нарадзіла, але і ўсяму чалавецтву, несці людзям праўду і высокае хараство, мастацтва, якое ачышчае і ўзвышае чалавечую душу».
Іван Паўлавіч Мележ і сапраўды застаецца побач з народам і свеціць яму незгасальнай зоркай, застаецца геніем свайго часу.
Гомельшчына свята шануе памяць пра нашага славутага земляка: у Мінску, Гомелі, Хойніках, Лельчыцах яго імя носяць вуліцы. У 1976 годзе нашай бібліятэцы (тады яна была № 1 г. Гомеля) прысвоена імя І. П. Мележа. Імя народнага пісьменніка прысвоена Гомельскай беларуска-славянскай гімназіі № 36, Мазырскаму драматычнаму тэатру, Глінішчанскай сярэдняй школе Хойніцкага раёна. У 1983 годзе на радзіме пісьменніка ў вёсцы Глінішча адкрыты дом-музей, устаноўлены бюст. Да Дня беларускага пісьменства ў 2010 годзе ў Хойніках устаноўлена скульптурная кампазіцыя «Па старонках твораў Івана Мележа».
У нашай бібліятэцы святкаванне ўгодкаў славутага пісьменніка – справа звыклая і абавязковая. Заўжды да 8 лютага рыхтуем падарунак для сваіх чытачоў, якія і сёння чэрпаюць сілы і моц Палесся з твораў Івана Паўлавіча, захапляюцца каларытам дыялектаў Хойнікшчыны, непаўторнымі героямі «Палескай хронікі». Праводзім тыдні і дні мележаўскіх кніг, урокі жыцця пісьменніка, творчыя партрэты, агляды жыццёвай і літаратурнай дзейнасці.
Да 90-годдзя з дня нараджэння пісьменніка была наладжана творчая віктарына «Вялікі дар нашчадкам». Гучаў мележаўскі сказ пра жыццё палешукоў, пра іх радасці і трывогі, мары і надзеі. Чытачы нібы разам з пісьменнікам перажывалі няўдачы і гора Ганны і Хадоські, разбэшчанасць і самаўпэўненасць Яўхіма, панурасць і нерашучасць Васіля. Знаходзілі спачуванне ў нашых сэрцах і Чарнушка, і старыя Глушакі. Уражаннямі пра наведванне музея ў аграгарадку Глінішча, сустрэчу з роднымі класіка і ўшанаванне памяці пісьменніка грамадскасцю і дзеячамі літаратуры і мастацтва дзяліліся гомельскія журналісты, пісьменнікі рэгіёна.
У 2016 годзе, да 95-годдзя Івана Мележа, правялі вялікае свята «А на зямлі яго не згасне свет». Удзел у ім брала пляменніца Івана Паўлавіча – Вера Савельеўна Генаш, старшыня Гомельскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзімір Гаўрыловіч, журналіст, паэт Тамара Кручэнка, прадстаўнікі бібліятэк горада Гомеля. У мерапрыемстве былі задзейнічаны артысты самадзейнага тэатра Палаца культуры чыгуначнікаў, навучэнцы і настаўнікі ўстаноў адукацыі.
У 2018 годзе супрацоўнікі бібліятэкі арганізавалі літаратурнае падвор’е «Вялікі свет маленькіх Куранёў». Не пакінуў нікога абыякавым і квэст «Сцежкамі Васіля і Ганны», у якім рабяты выконвалі заданні на розных квэст-тэрыторыях бібліятэкі. У беларускай хатцы азнаёміліся з прадметамі хатняга побыту палешукоў, згатавалі куццю, пачаставаліся хлебам-соллю.
У 2019 годзе наладзілі цыкл мерапрыемстваў «Знаўца палескай душы», які ўключаў літаратурную вечарыну, выставы любімых кніг пісьменніка, відэаэкскурсіі па мемарыяльнаму дому-музею ў аграгарадку Глінішча, слайд-панараму «Гартаючы старонкі яго кніг».
З асаблівым хваляваннем падрыхтаваліся да 100-гадовага юбілею з дня нараджэння Мележа. У праграме былі выстава-экспазіцыя «Жыццё, багатае творчасцю», віртуальная выстава «Героі Мележа на экране», анлайн-квэст «На Палессе да Мележа», літаратурная дэгустацыя «Кошык куранёўскіх прысмакаў», ліст удзячнасці «Беларускаму пісьменніку прызнанне ў любові», літаратурная вечарына «Жыў лёсам людзей на балоце», інтэлектуальнае кола «Мележ вядомы і невядомы». У чытальнай зале аформілі імправізаваны кабінет пісьменніка.
Мележаўскі запавет нашчадкам любіць зямлю, служыць ёй усімі сіламі сваёй душы і сэрца стараемся выконваць, наколькі гэта ў нас атрымліваецца.
І дзякуй табе, шаноўны Іван Паўлавіч, за ўсё – за веру ў нас, нашчадкаў, тваіх чытачоў. А перш-наперш за ўсё, што ты зрабіў для нашай літаратуры, для нашага народа, для нашай любай Бацькаўшчыны! Дзякуй!