На пасажыраў глядзяць Іван Мележ і Іван Шамякін, Францыск Скарына і Уладзімір Караткевіч: іх партрэты з цытатамі размешчаны на вокнах. А фасад упрыгожваюць турыстычныя лакацыі Добруша і пейзажы Гомельшчыны.
"Хто мяне не пазнаў, я Якуб Колас з Гомельскага раёна", – з гэтай фразы пачаўся шлях да фестывалю беларускага пісьменства. Бібліятэкар з вёсцы Даўгалессе Уладзімір Бышык сапраўды падобны на знакамітага класіка. На працягу паездкі ён чытаў творы і распавядаў пра жыццё пісьменніка.
У другім вагоне дзеці ў народным адзенні віталі гамяльчан вершамі і частавалі сушкамі і цукеркамі. А пасля дзяліліся з гледачамі творчасцю Івана Шамякіна. З трэцяга вагона былі чутныя казкі, напрыклад пра казу-дзеразу.
Забаўлялі пасажыраў выхаванцы тэатральных аддзяленняў пятай і шостай дзіцячых школ мастацтваў Гомеля.
— Мы не працуем па сцэнары, так як сутнасць праекта ў тым, каб было жывое ўзаемадзеянне акцёраў з гасцямі свята. Напрыклад, толькі што наш Якуб Колас пытаўся ў іх пра сваю біяграфію, — расказала намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце дзіцячай школы мастацтваў № 6 Галіна Корзун.
Акрамя старонак гісторыі і літаратуры, у цягніку можна было азнаёміцца са свежым выпускам "Гомельскай праўды": яга раздавалі пасажырам святочнага дызеля. Людзі з задавальненнем чыталі апошнiя навіны рэгіёна. Такім чынам яны сталi ўдзельнiкамi свята пісьменства яшчэ да прыезду ў Добруш.
Жыхарка аграгарадка Чырвонае Гомельскага раёна Яўгенія Залатухіна падзялілася, што паездка была для яе вельмі вясёлай, але вельмі хуткай:
— Калі ты едзеш у такім цягніку, чуеш творы сваіх суайчыннікаў, бачыш іх партрэты, то адчуваеш, як моцна любіш Радзіму.
Цягнік, у якім 280 пасадачных месцаў, давязе гасцей да пункта прызначэння без прыпынкаў за 25 хвілін. Акрамя літаратурнага дызеля, будуць хадзіць і звычайныя па стандартным раскладзе.
Квіткі можна купіць у касах або аўтаматах вакзала, у вагоне.