Настройки шрифта
По умолчаниюArialTimes New Roman
Межбуквенное расстояние
По умолчаниюБольшоеОгромное
Вверх



Вандроўка дваццаць пятая: Абакумы. Лоеўскі раён

11360 0 02:25 / 20.06.2014
Гэты жывапісны куточак Лоеўшчыны некаторыя навукоўцы называюць беларускай Індыяй. Мясцовыя жыхары да нядаўняга часу сцвярджалі, што жывуць у “бермудскім трохвугольніку”. Але ж пасля таго як быў запушчаны паром праз Дняпро, жыхары Абакумаў, Карпаўкі і Хамінкі адчулі выгоды цывілізацыі. Літаральна некалькі хвілін, і ты трапляеш з правага дняпроўскага берага за райцэнтрам на левы. Раней маршрут з гэтых трох вёсак у Лоеў, і наадварот, складаў аж 140 кіламетраў. Цяпер ад парома да бліжэйшай — Абакумаў — усяго 8. 
Рушыўшы ў вандроўку, мы шчыра парадаваліся, калі сустрэлі на пароме старшыню Карпаўскага сельвыканкама Ніну Грышчанку, якая ехала з райцэнтра з мужам на машыне. Ніна Уладзіміраўна і паклапацілася пра нашу дастаўку ў Абакумы праз лясныя 8 км. Пакуль ехалі, дзяліліся ўражаннямі ад хуткасці пера­адолення Дняпра. 
 — Што ні кажыце, а жыццё ў нас ажывілася, — сказала Ніна Грышчанка. — Марш­рутку пусцілі тры разы на тыдзень з Лоева ў Хамінку. Людзі парухавелі, сталі ў райцэнтр ездзіць па справах самых розных. Нездарма кажуць, што рух — гэта жыццё. 
А сельгасугоддзі. Пару гадоў працаўнікі саўгаса-камбіната “Сож” Гомельскага раёна тут гаспадарылі. А сёлета “Лоеў-агра” пасеяў кукурузу, проса, зямля вярнулася ранейшым гаспадарам. Сена косіцца, сянаж нарыхтоўваецца. 
Жыхар Абакумаў Васіль Ганчарэнка расказаў нам легенду, якая шырока бытуе тут. Быццам тры браты — Хама, Карп і Абакум выбіралі месцы для свайго аседлага жыцця. Самы старэйшы — Хама — упадабаў мясціну ў кіламетрах 15 ад вусця Сожа. Прыйшлося яму даспадобы мясцовае возера. Так узнікла вёска Хамінка. Сярэдні, Карп, пусціў карэнні бліжэй да вусця і даў пачатак Карпаўцы. А малодшы — Абакум — так быў зачараваны мясцінкай паблізу зліцця Сожа і Дняпра, што тут і пабудаваўся.
“У Абакума была самая паэтычная душа, якая тонка адчувала прыгажосць роднай зямлі: велічнасць дуброў, празрыстасць бярозавых гаёў, неабсяжнасць духмяных лугоў”, — зазначае ў адным з артыкулаў лоеўскі краязнаўца Мікалай Анісавец.
4E6A7352.JPG
Хаты жыхароў вёскі Абакумы і сапраўды нібы раскіданыя непадалёк ад знакамітых дуброў у аксаміце лугоў — шырока, вольна ляжыць вёска. Чэрвеньскай парой вандраваць тут — найлепшы час. Душу гараджаніна, што вырваўся з віру гарадскога, лечаць цішыня, водар паветра з лекавых траў, адчуванне, што паблізу, у кіламетрах трох, нясе свае хвалі шарпілаўскі Сож, далей — велічны Дняпро. Таму амаль усе вольныя хаты раскуплены дачнікамі. Яны вылучаюцца сваімі ярка афарбаванымі, бы хусткі вясковых жанчын, вокнамі, варотамі. 
На вуліцы Леніна мы спыніліся ля дома № 18, каб пакланіцца памяці былога галоўнага метролага навукова-даследчага інстытута дальняй радыёсувязі г. Масквы Юрыя Іванавіча Севера, які ў свой час закладваў асновы метралагічнай службы на Гомельскім радыёзаводзе. Пра тое, што тут жыў гэты чалавек, сведчыць мемарыяльная дошка. Так сталася, што мінулым летам пазнаёміліся з яго сынам Леанідам, паэтам з Таганрога, аўтарам шэрагу творчых праектаў, у выніку якіх група гомельскіх творцаў гасцявала ў калег на данской зямлі, а затым і яны прыязджалі на Гомельшчыну. З вершаў Леаніда, якія даводзілася перакладаць на беларускую мову, адчула, якой удзячнай памяццю пра гэты куточак беларускага міжрэчча поўніцца яго сэрца:
Выводит трели “дятловский” скворец, 
Смотрю в окно с тревогой и волненьем,
Я еду в Абакумы, где отец
Обрел Христа в тиши уединенья.
Могучих сосен вековечный треск
Перекликает посвистом дроздовым…
І сапраўды, нельга не зачаравацца малюнкамі, створанымі ў гэтых мясцінах самым таленавітым мастаком — Прыродай. Пашчасціла нам пазнаёміцца з карэннымі жыхарамі Абакумаў — лю­дзьмі, якія тут нарадзіліся і пражылі ўсё свядомае жыццё.
Марыя Ганчарэнка мае самае непасрэднае дачыненне да “Гомельскай праўды” — звыш чвэрці стагоддзя працавала паштальёнам. Аддзяленне было ў Карпаўцы, і ў любое надвор’е Марыя Фёдараўна рупілася туды за газетамі, карэспандэнцыяй, пенсіямі і несла затым па вёсках важкую сумку. Тады ж багата было падпісчыкаў — у школе ў Абакумах займалася 130 дзяцей, і лічы, у кожную сям’ю прыходзіла абласная газета.
Саладзейшым у літаральным сэнсе слова рабіў жыццё землякоў і муж нашай суразмоўцы Васіль Рыгоравіч. 18 гадоў ён развозіў на коніку прадукцыю тагачаснага кандытарскага цэха: з Карпаўкі да­стаўляў у Абакумы, Хамінку, Арол, Рудню, Новую Вёску (цяпер яе няма), Свірэжу пірожныя і газіроўку.
4E6A7369.JPG4E6A7382.JPG

Дзеці вайны

85-гадовая Франя Лук’яненка разам з суседкай, 80-гадовай Надзеяй Купрэйчанка, селавалі ў цянёчку. Гаварылі між сабой пра жыццё-быццё. Далучыліся мы да іх гаворкі. Жанчыны расказалі, як дзецьмі перажылі варожую акупацыю. А калі ўжо ішло вызваленне і чутна была страляніна ў украінскай Суслаўцы, немцы пагналі ўсіх мясцовых жыхароў у Падрачыцкае, “у загараду”. А адтуль — на Уборак. Рассялілі па хатах. Прымушалі іх маці хадзіць з бараною па мінных палях.
Аповед Франі Лук’яненкі (фота на 1-й стар.):
 — У маёй маці нас было трое. А яе родны брат — бяздзетны. Яна яго па­шкадавала, мяне аддала яму з жонкай на выхаванне. І ведаеце, цётка мне са­праўднаю маці стала: з ёю і ў бежанцы пайшла, і на голы попел вярнулася пасля вайны. Запрагомся, бывала, з жанчынамі ў плуг, так зямлю аром. І бораны на сабе цягалі...
Сястра Ліпа, што жыла з маёй, як цяпер кажуць, біялагічнай маці, памерла. Хату калі прадавала, і мне долю выдзеліла. А браток наш Сашка ў Кіеве жыве. Днямі кажу яму па тэлефоне: “Чаго ты там сядзіш? Прыязджай. У маёй хаце будзем жыць. Стоўпімся”.
Аповед Надзеі Купрэйчанкі:
— Я пятая была ў бацькоў, меншая. Бацьку на вайну забралі. Ой, пабедавалі мы! Шалупайкі бульбяныя падбіралі і елі. Ці проса дзе ў полі знойдзем, у гільзе на агні падвялім... Маці яшчэ сабірала скуры ад кароў, што партызаны выкідалі. На полымі іх падсмаліць, халоднага зварыць...
Цяпер жыць добра. Пасля смерці мужа дочкі забралі мяне ў Гомель. Так што цяпер жыву ў Заходнім раёне, у катэджы. У Абакумах наездамі. Чацвёра ўнукаў у мяне і столькі ж праўнукаў дачакала.
Абаяльныя сваёй дабрынёй і шчырасцю вясковыя жанчыны! Перажытая вайна, а пасля яе, праклятай, голад і нішчымніца навучылі іх быць ашчаднымі, берагчы кожную капейчыну. Я глядзела на зрэбную, мытую-перамытую бялізну, што сушылася на дроце ў паветцы, і адчувала, што і сёння ў клопатах пра ўнукаў і праўнукаў ім не да сябе. 
 —Тады, пасля вайны, мы ўсё на сваім гарбу рабілі. І ўсё дзешавей было што­дзень. А цяпер усё даражэй і даражэй робіцца. Чаму так? — пыталася ў нас цётка Франя. А затым, нібы спахапіўшыся, што галоўнае ўсё-такі мірнае жыццё на зямлі роднага міжрэчча, яна расказвала, як усталяваны дзеці ў Гомелі і Мінску, хвалілася поспехамі ўнучкі, якая працуе ўрачом-неўрапатолагам у Маскве.
4E6A7312.JPG4E6A7316.JPG4E6A7322.JPG4E6A7329.JPG4E6A7340.JPG4E6A7341.JPG4E6A7344.JPG4E6A7347.JPG4E6A7379.JPG4E6A7386.JPG4E6A7399.JPG4E6A7409.JPG4E6A7420.JPG4E6A7435.JPG4E6A7454.JPG4E6A7469.JPG4E6A7474.JPG4E6A7479.JPG4E6A7480.JPG4E6A7491.JPG4E6A7499.JPG4E6A7549.JPG4E6A7551.JPG4E6A7555.JPG4E6A7567.JPG4E6A7572.JPG329.jpg
Фото Олега Белоусова
Нашай долі адгалоскі
Горин_сайт.jpg

bbjff8hml2c01i7ceprql7cojdn6uh18.png
гранитснабсбыт_сайт.jpg
морозовичи-агро11.jpg
0 Обсуждение Комментировать
Горин_сайт.jpg