Настройки шрифта
По умолчаниюArialTimes New Roman
Межбуквенное расстояние
По умолчаниюБольшоеОгромное
Вверх



Вандроўка дваццаць першая. Заазер’е. Акцябрскі раён

7868 0 02:05 / 07.07.2013
Даўно збіралася на Акцябршчыну, ды ўсё не выпадала. І ўрэшце мы рушылі ў вёску з паэтычнай назвай Заазер’е, якая акружана дзівоснымі лясамі, шчодрымі ў летнія дзянькі на суніцы, чарніцы, лісічкі.
 
 Вёсачка стрэла нас сцішана,быццам адчула з’яўленне чужынцаў. Небагата зараз у ёй жывых хацін, з гаспадарамі. Не чутно дзіцячых галасоў, хаця і лета, канікулы.
Аджывае сваё Заазер’е. «Але ж мо хто падаўся ў лес на заробкі ягадныя ці грыбныя, бо лісічкі і ў спёку вытыркваюць свае жоўценькія шляпкі?» — свідравала скроні думка. І вось у доме № 21 з зорачкай на зрубе на наш вокліч адгукнуўся прыглушаны жаночы голас: "Дзетачкі, вы да мяне?" З ложка ўстала невялічкая бабулька, апранутая ў халацік і яшчэ пару шарсцяных світак, прадставілася нам як "цётка Феня". — Даўленне цісне, дык я таблетку прыняла і прылегла, — быццам прабачэння прасіла ў нас Феадора Піліпаўна Муравіцкая (так яна запісана ў пашпарце).— Прайдзіце, дзеткі, у залу, — запрасіла бабуля.
Сэрца сціскалася ад невыказнага жалю да яе. Думалася, што калі зусім дрэнна стане, такая хадуха не паспее выйсці з пакояў за падмогай. Прытым у хаце была бачна работа гаспадарлівых рук. Усе рэчы на сваіх месцах. Чыста. — У вас хто з сям’і ёсць? — запыталася ў цёткі Феадоры.— Дачушка ў райцэнтры. І сынок... быў. Ужо няма, — вочы 90-гадовай бабулі набрынялі. — Не хачу бога крыўдзіць: дачушка ў мяне харошая і ўнукі. Прыедуць, усё паробяць. І мяне памыюць, пераапрануць. Ніякай крыўды на іх не маю. Ды сільна доўгі летні дзень, ніяк не скончыцца. А думкі адна за другой ціснуцца ў галаву. Я іх не пускаю, а яны ўсё роўна... Каб жа з кім пагаварыць было! У зашклёнай рамачцы мы пабачылі фота чырвонаармейца ваеннага часу. Бабуля Феадора патлумачыла, што гэта брат мужа. — Ён 6 мая загінуў у Берліне, — расказала жанчына. — Каб жа крышачку як пратрымаўся, то дадому б вярнуўся. Перамога ж на пяты наступала!
З размовы высветлілася, што і муж Феадоры Муравіцкай пацярпеў ад вайны праклятай: — Мой жа трактарыстам працаваў. Запчастак у той пасляваенны час не хапала. Рушыў ён да падбітых танкаў нямецкіх, што за вёскай тоўпіліся. Нейкую рэч узяў, а яна ў руках і грымнула. Зрок страціў мой гаспадар, — падзялілася суразмоўніца. — Чалавек быў вельмі добры, спагадлівы. Дапамагаў мне заўсёды па дому: і памыць, і прыбраць, і ежу прыгатаваць. Добра пражыла за ім, дзеткі.Калі мы развітваліся, цётка Феадора неспадзеўкі цмокнула мне ў руку. Дзякуй, што пагаварылі са мной, дзеткі», — сказала на развітанне. Так, даражэй за грошы і прысмакі цэняць нашы продкі раскошу чалавечай гутаркі, у якой можна паспавядацца пра былое, адчуць суперажыванне.З гэтых роздумаў вырваў нас гул трактара, які абудзіў цішыню вясковай вуліцы. Так пазнаёміліся з Уладзімірам Жынко, ураджэнцам Заазер’я, адным з яго працаўнікоў. — У лепшыя часы наша вёска мела пад сотню гаспадароў. Былі пачатковая школа, клуб, магазін, — Уладзімір Несцеравіч, паступова рухаючыся на «Беларусе», указваў нам рукой на мясціны, дзе раней жылі гэтыя пабудовы. — Я вось працую зараз у «Ламавічах», бо нашу гаспадарку злучылі з імі... Што казаць, шкода Заазер’я. Спаць кладзешся, і ў думках блукаеш ваколіцамі роднай вёскі, згадваеш мінуўшчыну, гаспадароў хат. Дарэчы, у нас тут кавалі былі спраўныя, вядомыя на ўсю ваколіцу. А ў лесе непадалёк ад Заазер’я ёсць два дзівосы: возера і ўрочышча Прошча.
Да возера складана да-ехаць на машыне, бо мясцовасць забалочаная. І мы вырашылі не рызыкаваць. Пра яго нам вельмі рамантычна расказала навуковы супрацоўнік Акцябрскага цэнтра гісторыі і культуры Любоў Шайко: — Старажылы распавядалі, што возера ўтварылася на месцы царквы, якая сышла пад зямлю. Смяльчакі спрабавалі ў розныя часы змераць глыбіню, ды якой даўжыні шэст ні збівалі, ніхто да дна не дастаў. Кажуць, калі прыкласці вуха да берага, то пачуеш, як спяваюць пеўні ў падводнай вёсцы і гудуць званы. Уяўляеце, ніколі ў гэтым возеры не патануў ніводзін чалавек, ні адна жывёліна! Усё лета можна мыцца без мыла ў чароўнай, надзвычай мяккай вадзе гэтага возера. Самагубцаў, якія спрабавалі знайсці там вечны спачын, вада быццам выштурхоўвала на бераг. А вось да Прошчы Любоў Шэйко нас правяла. І расказала паданне пра гісторыю з’яўлення капліцы: — У мінулым стагоддзі непадалёку ад Заазер’я быў знойдзены камень з адбіткам жаночай стапы. Па інфармацыі старажылаў, быў ён прамавугольны, шырынёй амаль паўметра і, лічы, метр у даўжыню. І ўяўляеце, камень, быццам кардонная каробка, каціўся па лесе, пакідаў рытвіны, якія параслі травой. Мабыць, ён адарваўся ад царквы, якая танула? Зачараваныя цудам, людзі збіралі дажджавую ваду, якая запаўняла след на камяні, акраплялі ёю дамы, змазвалі раны. Хворыя і нямоглыя, адалеўшы доўгі шлях да камяня, дамоў вярталіся вылечанымі, поўнымі сіл.Рудабельскі святар не мог раўнадушна глядзець, як прыхажане замест таго, каб пайсці ў царкву, ідуць у лес пакланіцца камяню. І ён загадаў мясцовым жыхарам пазбавіцца ад яго. Спрабавалі разбіць, ды толькі асколачак невялікі адляцеў. Тады айцец Якаў загадаў абкласці камень бярвеннямі, распаліць агромністае вогнішча, раскаліць камень і абліць вадой, каб такім чынам ён раскалоўся.
Аднак сам свяшчэннік не прыехаў на месца расправы, а мясцовыя мужыкі абклалі камень толькі саломай і галлём. Не хацелі яны псаваць цуд.А святар нечакана аслеп. Пазней ён прызнаў чароўную сілу каменя і загадаў, каб у Заазерскім лесе пабудавалі каплічку і выкапалі калодзеж. І, цуда, зрок вярнуўся да святара, і ён да апошніх дзён свайго жыцця служыў у маленькай цэркаўцы на святым месцы. А перад Вялікай Айчыннай прыйшоў у вёску нейкі атэіст, купіў бутэльку газы і падаўся ў лес. Падпаліў ён цэркаўку. На яе папялішчы паставілі тры крыжы.
Расказвалі, што нейкі мужык з вёскі Гаць узяў той святы камень у якасці падпоркі для ўласнага хлява. Але як толькі зрабіў гэта, не змог спаць — не давалі спакою дзіўныя сны. Селянін мусіў вярнуць камень на ранейшае месца...Мы заехалі ў Прошчу. І сапраўды, цудадзейная мясцінка. На ўваходзе нас стрэў 90-гадовы дуб, які не абхапіць рукамі! Невялічкая каплічка стаіць у лесе з іконамі, упрыгожанымі кветкамі і ручнікамі, ніколі не замкнутая, і ніхто не рызыкуе ўзяць іх з гэтага намоленага месца. Мы пакланіліся святыні, паспрабавалі вады з калодзежа, якая мае пах серавадароду. І лес адразу адкрыў шчодрыя сунічныя і чарнічныя паляны — побач з храмам.
Фото Лары Наўменавай
Общество
Горин_сайт.jpg

bbjff8hml2c01i7ceprql7cojdn6uh18.png
гранитснабсбыт_сайт.jpg
морозовичи-агро11.jpg
0 Обсуждение Комментировать
Горин_сайт.jpg