Ці не таму такая назва ў вёскі, што раней яе насялялі чэхі па нацыянальнасці? З такім пытаннем і адправіліся мы ў чарговую вандроўку, цяпер ужо на Нараўляншчыну. Зашчымела ў душы, калі ў Галоўчыцкім сельсавеце пачулі: аджывае сваё вёска Чэхі. Сем домаўладанняў толькі, 14 гаспадароў. Прычым большасць з іх наведваецца ў дачны перыяд. Задажджыла, пахаладала, у восеньскую слоту лепш сядзець дома каля печы. І на вуліцы вёскі Чэхі захацелася адшукаць дом, які жыве! Убачылі, пазначаны зорачкай. У дварышчы забрахаў сабака, і дзверы нам адчыніла гаспадыня Вікторыя Вафік.
Чэшскія... удовы
Заходзім, вітаемся. Знаёмімся і з яе суседкай — Евай Козак. Прыйшла яна, каб адагрэць душу гаворкай. Два дні назад пахавала гаспадара Ева Аляксандраўна. Так што больш стала ў Чэхах удоў. У іх беларускай мове чуем характэрныя для чэшскай узлёты голасу. Цікавімся, ці мелі яны якое сваяцтва з чэхамі?
Дзве ўдавы, Вікторыя і Ева
Аповед Вікторыі Вафік:
— А мой бацька чэх, то і я, значыць. Памятаю, расказваў, што колісь тут правіў справамі дабрэнны пан Горват. Як бы прывёз ён з Чэхіі сялян для працы на мясцовых урадлівых землях. У нас тут усё добра родзіць. Не толькі зерневыя, але і сады, багата іх было ў нашым кутку. Бачыце, і вяргіні мае добра шугаюць за вакном...
З дзяцінства памятаю панскія палацы, мо, бабуля з дзядулем вадзілі нас да іх. Там была і магіла панскай дачкі. Помнік на ёй быў ці то з выявай вужа, ці змяі. Як бы памерла дзяўчына ад укусу.
Усе мае родныя казалі, што надта добры быў пан. Ніхто з нашых чэшскіх жанчын тады не працаваў, займаліся дамашнімі справамі, гатавалі ежу сваім гаспадарам, прыбіраліся ў святочнае і прыносілі абед ім ці на палеткі, ці на будоўлю.
Неяк селянін украў панскае сена, бо не было яму чым каня карміць. Пан загадаў, каб прывёз назад і аддаў. Бедалага накіраваўся ў зваротны шлях. Ды не пашанцавала яму — конь здох па дарозе. То пан распарадзіўся, каб таму чалавеку і каня далі новага, і сена для жывёліны.
Памятаецца, што жылі ў вёсцы колісь старыя дзед і бабуля. Іх мясцовыя называлі “хмелікі”, бо хтось з іх продкаў працаваў на панскім бровары, хтось вырошчваў хмель. У іх мове было шмат чэшскіх слоў: карову яны называлі “кравічка”, дзяўчынку — “голка”, хлопчыка — “гошычэк”, бабулю — “бабічка”. Кажуць, што пражылі яны аж сто гадоў кожны!
Аповед Евы Козак:
— Я нарадзілася ў суседняй Грушаўцы. Калі немцы палілі вёску, то нас у мамы было яшчэ чацвёра (потым яна яшчэ траіх нара дзіла).
Сястрычка маленечкая ў люльцы, паўгодзіка ёй толькі. Мама нам сказала: “Ідзіце за жыта, у канаўку. Я спяку хлеба і прыйду за вамі”. Ды не паспела той хлеб выпекчы, мадзьяры ў вёску прыбылі, скамандавалі ёй са дзіцца ў машыну. Маўляў, будуць помсціць за бацьку ёйнага, які ў партызанах... Мы тады ад суседкі даведаліся, што матулю павезлі ў бок Вербавічаў. Старэйшы брат узяў малую, і пайшлі ўтраіх на вербавіцкую дарогу. Стаялі і плакалі. Праз некаторы час пабачылі ўдалечыні жанчыну, якая ішла і падала на калені, ізноў уставала і ішла. “Мама!” — закрычаў брат. Матуля расказвала, што ўсю дарогу прасіла Бога ўратаваць яе дзеля дзяцей. І яе слёзы ўсё ж неяк паўплывалі на жорсткіх ма дзьяраў. Адпусцілі...
Чэхі для мяне другая радзіма. Муж мой, царства нябеснае, чэшскія карані меў. Тут выраслі нашыя дзеці. Тут я 20 гадоў адпрацавала ў калгасе. Была загадчыцай фермы буйной рагатай жывёлы.
У пісьмовых крыніцах Чэхі ўпершыню згадваюцца ў XVIII стагоддзі. У 1811 годзе яны былі ўладаннем Ракіцкага ў Рэчыцкім павеце Мінскай губерніі. А ўжо ў 1879 годзе гэтае селішча ўпамінаецца ў складзе Бабчынскага царкоўнага прыхода. На хутары Чэхі (з прыстаўкай Галоўчыцкія) па звестках перапісу ў 1897 годзе было ўсяго 6 двароў, пражывалі 74 чалавекі.
Калгас тут арганізаваўся ў 1931-м.
Слухаючы маналогі жанчын пра свой лёс, мы міжволі ўзіраліся ў абстаноўку дома. Бялюткая печ, адмытыя, аж свецяцца, дошкі нефарбаванай падлогі. Ва ўсім бачна гаспадарская рука, хаця муж Вікторыі Францаўны, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, памёр восем гадоў таму. Сама гэта ўвішная жанчына трымае дом як трэба. Вельмі любіць кветкі, прыгажосць і ўтульнасць.
Нас уразіў своеасаблівы іканастас у яркай ад шматколерных дываноў і кветак зале. Месца, дзе Францаўна тужыць па рана сыйшоўшаму сыночку Міколу і просіць у каталіцкага Езуса і “свентай Марыі” міласці для сваіх дачок Паліны і Тамары, а таксама сямі ўнукаў і сямі праўнукаў. Паслухалі яе малітву, і яна нібы асвятліла наш далейшы шлях па вёсцы. Яшчэ да адной удавыудавіцы.
На ўскраіне Чэхаў жыве цётка Ліжбета Свобада, 1928 года нараджэння. Сустрэла яна нас цікаўна, асабліва калі даведалася, што мы “з газеты”, якую яна купляе ў паштальёна. (І сапраўды, здзівіліся, убачыўшы апошнія нумары “Гомельскай праўды” на буфеце ў кухні). Абапіраючыся на высокі, не па яе росту, кій, бабуля напружылася, калі заўважыла фотакамеру, якую дастаў мой калега. “Што гэта вы хочаце рабіць?” — перапудзілася жанчына. І не дзіўна. Любы стары і нямоглы чалавек, які жыве ў адзіноце, пабойваецца сустрэчы з незнаёмцамі ў наш непрадказальны час. А тут камера, памерам з аўтамата!
У пісьмовых крыніцах Чэхі ўпершынюзгадваюцца ў XVIII стагоддзі
— Ды здымак хочам ваш змясціць на старонках газетных. Вось купіце ў паштальёна сябе саму! — патлумачылі мы. Гэта ідэя спадабалася Ліжбеце Карлаўне.
Ліжбецін аповед:
— Бацькі маіх бацькоў былі чэхамі. Паншчына ў іх была вельмі цяжкая, сільна той пан здзекваўся: жанчыны мусілі браць на плечы дзяцей і ісці капаць агароды. А як ужо нашых бацькоў сюды завербавалі і яны пабачылі, якая абстаноўка, многае змянілася. Другі пан быў чалавекам добрым. Жанок перасталі дапускаць да работы, працавалі дома...
Я ў калгасе рабіла, у паляводстве. Дзяцей у мяне не было, Езус не даў, як ні прасіла. Аказалася, гаспадар мой ад арміі быў няважны па здароўі. Мне ж нічога не казаў, утойваў, рваў дакументы. Кум адкрыў гэту тайну.
Шэсць гадоў, як памёр мой стары, цяпер жыву саменькая. Цяжко адной.
І цётка Ліжбета падыйшла да абразоў, перахрысцілася, у чарговы раз кінуўшы вокам на фатаграфію за шклом буфеціка з выявай сябе маладой, з мужам.