Вёска Краснае вядома з 1920 года. У 1926-м тут пражывалі 89 чалавек. У 1933-м стварылі калгас “Інтэрнацыянал”, меліся кузня і паравы млын.
Маляўнічая дарога з Брагіна ў бок Камарына. Кукурузныя палеткі распасцёрліся з абодвух бакоў дарогі. Здаецца, што і лістота дрэў тут, на поўдні Гомельшчыны, больш пышная. Дзе-нідзе з’явіцца між царыцы палёў дубовы гай, і ў спёчны жнівеньскі дзень засень іх падаецца раем.
Беларусы са знакам якасці
Як і ўсе палескія вёскі, Краснае багата на людзей. І чарнобыльская навала не паўплывала асабліва на міграцыю, бо палешукі і сапраўды тыя ж беларусы, толькі са знакам якасці.
На цэнтральнай вуліцы імя Леніна ўвагу засяродзілі на выдатна аформленым падворку сям’і Алены і Сяргея Мартыненкаў. Алена Аляксееўна працуе настаўніцай пачатковых класаў Новаілчанскай СШ, а
Сяргей Сяргеевіч — ляснік у Палескім дзяржаўным радыяцыйна-экалагічным запаведніку. Вёска Краснае для іх — радзіма. І пасля катастрофы ў Чарнобылі яны нікуды адсюль не з’язджалі. Глядзіш на буянства шматколерных гладыёлусаў, вяргінь у двары, на стылізаваны драўляны млынок, мноства старадаўніх рэчаў палескага ўжытку, якія таленавіта прыпісаліся на сцяне адной з гаспадарчых будынін, — і адчуваеш бязмерную любоў нешматслоўных гаспадароў да свайго дома і лапіка зямлі. Усё тут з густам, толкам.
Мартыненкі яшчэ і цудоўныя бацькі: іх дачка Аліна сёлета скончыла факультэт замежных моў ГДУ імя Ф. Скарыны на выдатна. Нядаўна Алена і Сяргей атрымалі падзячны ліст за выхаванне. Зараз з хваляваннем чакаюць размеркавання дачушкі на працу.
Тры буслы цікаўна выглядаюць з высокага гнязда на даху Красненскага дзіцячага садка. Пацікавіліся ў яго загадчыцы Марыі Шэін (яна ўжо 16 гадоў кіруе ўстановай), як з прыростам насельніцтва?
— Ды нешта нашы птушкі разленаваліся апошнім часам, папаўненне не прыносяць, — падзялілася Марыя Уладзіміраўна.— 20 дзетак выхоўваем зараз.
Умовам, якія створаны тут, можна пазайздросціць. Рэліктавыя рэчы сабраны ў “беларускай хаце”, у пакоі экалагічнага выхавання раскоша для самых розных раслін і кветак, у клетцы жыве трус, якога з задавальненнем даглядае малеча. Спартыўная і музычная залы, сталовая напоўнены ўсім неабходным, як зазначылі ў калектыве, у тым ліку і з дапамогай бельгійскіх і германскіх шэфаў.
Куток для ўсіх тут дарагі
Каларытная Наталля Цеслянок стрэла нас у цэнтры культуры і вольнага часу, які і на самой справе такім з’яўляецца. Прыемна, згадзіцеся, у гарачы летні дзень ці надвячорак ступіць у прахалоду светлай утульнай будыніны. Наталля Мікалаеўна як кіраўнік культурнай установы ўласнымі рукамі стварае прыгажосць са звычайных матэрыялаў! Трэба бачыць яе лебедзяў з паперы, вышываныя крыжыкам карціны.
— У нас дзейнічаюць два гурткі для рукадзелля — дзіцячы і дарослы, — патлумачыла загадчыца клуба, прадстаўляючы нам шыкоўную выставу творчасці. Ёсць на ёй і беларуска-ўкраінскія ручнікі. Аказваецца, Наталля родам з вёскі Надзінаўка Казялецкага раёна Чарнігаўшчыны, замуж выйшла за беларускага палешука Міхаіла, ён працуе ў кацельні камунгаса. Дарэчы, і жонцы дапамагае ва ўсіх гаспадарчых клопатах: дзе клумбу зладзіць, дзе падфарбуе, каб усё было як належыць. Выхавалі Цеслянкі двух дастойных сыноў: Раман працуе ў аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Брагінскага райвыканкама, Ігар — на будоўлі. Вось такія па-чалавечы прыстойныя сем’і беларуска-ўкраінскага памежжа. Наталля даўно ўжо абеларусілася, але ж па нашай просьбе з задавальненнем праспявала на ўкраінскай мове любімую сваю песню “Чарнабрыўцы”. Хораша так, прафесійна.
Думаеце, расіян няма ў гэтым кутку Брагіншчыны? Памыляецеся. 94-гадовы ветэран вайны Аляксей Аляксандравіч Някрасаў і яго жонка ветэран педагагічнай працы Зоя Георгіеўна Сізова, ураджэнцы горада Ржэва Цвярской вобласці, жывуць тут у невялічкім доміку на вуліцы Беразенкі.
Аповяд ветэрана:
— У армію быў я прызваны ў красавіку 1941-га. Служыў у танкавай часці на Цярнопальшчыне. Пад Дняпрапятроўскам трапіў у акружэнне. Палон. Аж у Дрэздэн завезлі, гнуў спіну на заводзе па вытворчасці металічных труб. Двухзменны рэжым працы, адносіны як да скаціны. Кармілі толькі б адбыць, суп з бручкі. Вызвалілі нас чырвонаармейцы, і адразу ў часць, праверкі асобага аддзела. Накіравалі служыць у артполк у Ровенскую вобласць. Бандэраўцаў лавілі. Яны валілі лес і рабілі з яго буданы, хаваліся ў іх. Прычым так, што не ўдавалася натрапіць на след. Прыйдзеш у той будан, полымя дагарае, а нікога няма. Ды вось неяк аднаго злавілі, і ён выкрыў сакрэт схованкі. Аказалася, яны капалі пад зямлёю хады і там сядзелі бы краты. А я ж у сувязі служыў у той артчасці. Колькі разоў правады бандэраўцы пераразалі і пакідалі запіскі: “Убірайцеся, маскалі!”
…У Краснае мы з жонкай у 1950-м прыехалі — тут яе сястра жыла ў замужжы. Працаваў я загадчыкам гаспадаркі ў школе і бальніцы. Заробкі малыя. Вярнуўся на радзіму ў Ржэў, слесарам адрабіў 10 гадоў на ваенным заводзе, тачыў балванкі для касмічных вырабаў. Адтуль і на пенсію...
Быў у нас адзіны сынок. У 1978 годзе падаўся ў Маскву на заробкі. Тады якраз шмат будавалі да Алімпіяды, ён зваршчыкам уладкаваўся. Варыў агароджу балкона на 9-м паверсе, упаў. У Ржэве пахаваны...Калі маленькі быў, пра сябе так казаў: “Я рус-беларус...”
Мы заканчвалі гутарку з ветэранам Някрасавым, жыццё якога магло б стаць сюжэтам паэмы знакамітага рускага паэта-аднафамільца, а ў ваколіцах Краснага пачуліся гукі такога доўгачаканага грому. Сваім вушам не паверылі. Тут, на памежжы з Украінай, падумалася: дай Бог дажджу, і не дай Бог вайны ці іншага якога ператрусу лёсу, хай будзе як мага больш шчаслівых людзей.