Як вы напэўна здагадаліся, назва гэтай вёскі Уборкаўскага сельсавета сведчыць, што славілася мясціна сваімі ліпамі. Некалькі з іх і зараз ацалелі на вуліцы Перамогі. Колісь ліп было багата, і можна ўявіць, які мядовы водар стаяў наўкол у час цвіцення гэтых дрэў.
Зімою ў Ліпняках пражывае каля сотні чалавек. Вясной і ўлетку, да восеньскай уборачнай пары, вёска больш людная — наязджаюць унукі, дачнікі. Мяне вельмі ўсцешыла тое, што ёсць тут па-сапраўднаму дзеючая культурная ўстанова — бібліятэка, і ўвішна працуе ў ёй Валянціна Рагачова, ураджэнка Пружанскага раёна Брэстчыны. Беражліва захоўвае Валянціна Антонаўна краязнаўчыя матэрыялы, сабраныя ў свой час настаўніцай мясцовай пачатковай школы Кацюбінскай (на жаль, імя не ведаем). Зараз у Ліпняках школы няма, дзетак (а іх тут адпаведнага ўзросту толькі шэсць) на заняткі ў аграгарадок Уборак і дадому падвозяць на аўтобусе.
Да вайны ў Ліпняках было
320 хат, пражывалі 738 жыхароў. 17 лістапада 1943-га акупанты спалілі 319 двароў, забілі 5 чалавек
У бібліятэцы ёсць сапраўдная скарбонка, парог якой пераступіла і я. Гэта беларуская хата. Прычым не простая, а напоўненая матэрыяльнай духоўнай спадчынай продкаў. Ручнікі, створаныя ў зімовыя вечары працавітымі сялянкамі, з характэрнымі арнаментамі сваёй лоеўска-рэчыцкай зямлі. Аднаму з гэтых цудаў каля 200 год! А святочны абрус, на які майстрыха нібыта перанесла ўсе кветкі родных ваколіц, з датаю ў цэнтры вышыўкі: 1938. Рэч перажыла радасці сям’і і яе ваенны лёс. А сёння даносіць нам уяўленне пра таленавітых продкаў. Уяўляеце, якая энергетыка гэтых твораў?
З гісторыі вёскі
У 90-х гадах XIX стагоддзя ў вёсцы Церабееўка (цяпер Рэчыцкі раён) узнікла праблема: дзе сяліцца бедным сялянам? Вырашылася яна ў 1893 — 1894 гадах пасля таго, як мясцовы памешчык Канаплёў прадаў агромністы лясны масіў лесапрамысловіку Гутнеру. Па яго загаду дрэвы ссеклі і адправілі па прызначэнні, а церабееўцы вырашылі на агульным сходзе падзяліцца на тры пасёлкі. Прычым жэрабя цягнулі, хто куды рушыць. Частка людзей асела на месцы цяперашняга пасёлка Смелы, другія — у Ліпняках, 40% засталіся ў Церабееўцы. Большая частка сялян — бедныя. Апрацоўваць зямлю не было чым, падкарміць яе — таксама. Ураджаі невысокія, каб заплаціць падаткі, многія аддавалі палову ўраджаю. А каб дажыць да новага хлеба, часта даводзілася пазычаць яго ў багацейшых. Многія гнулі спіну на суткоўскую памешчыцу Бараноўскую.
Мясцовыя сяляне цягнуліся да ведаў. Калі ў 1904-м у Ліпняках пабудавалі школу, многія рушылі па вечарах на заняткі да настаўніка-асветніка Мікалая Лясуна. Цікава, што па суботах ён ладзіў літаратурныя чытанні, знаёміў з творамі Пушкіна, Крылова, Гогаля. Пазней настаўнік удзельнічаў у рэвалюцыйных падзеях, і менавіта вучні пад кіраўніцтвам ліпнякоўца Волкава паспелі вынесці і схаваць у гумне скрыню Лясуна з адпаведнай літаратурай перад пачаткам вобыску ў класе.
У 1908-м настаўнік з’ехаў у Маскву. Але яго бунтарскі дух авалодаў некаторымі. Дакладна вядома, што ў штурме Зімняга ўдзельнічаў ліпняковец, балтыйскі матрос Арцём Баршчэўскі, а ў грамадзянскай — Кірыл Рагачоў. Першым старшынёй камітэта сялянскай беднаты быў Курдзесаў, а старшынёю сельсавета — Жалязняк.
У 1929 годзе 95% ліпнякоўцаў аб’ядналіся ў калгас «12 год Кастрычніка». Першым старшынёй гаспадаркі быў Ігнат Мельнік, трактарыстамі — Аляксандр Рагачоў, Пятро Шастакоў.
Са школьнага радыёпрыёмніка, што працаваў на батарэях, пачулі ліпнякоўцы пра пачатак Вялікай Айчыннай. У сэрцах людзей жыла надзея, што вайна ненадоўга.
4 жніўня 1941-га акупанты збіралі ў ліпнякоўскай школе сялян. Жанчын туды не пусцілі. Старастам вёскі выбралі былога калгаснага брыгадзіра Аляксандра Падрэзёнка. Той падзякаваў усім і перахрысціўся...
Дзіця вайны Марыя Гаўрыльчук
Дзіця вайны
Згадкі пра перажытае слухала я ад Марыі Гаўрыльчук, 1937 года нараджэння. У дыхтоўнай хаце, цёплай ад толькі што выпаленай печы (жар гаспадыня выграбла на прыпечак, і ад яго дыхнула такім невыказна-родным цяплом бацькоўскага дома!), Марыя Цімафееўна расказвала, як давялося жыць у дзедавым гумне, калі прыйшлі фашысты.
— Бацька мой да вайны пабудаваў новы прасторны дом, — згадвае жанчына. — Яго і ўпадабалі немцы, зрабілі сталовую. Мне чатырох гадоў не было, старэйшаму майму брату — шэсць, сястрычцы — дзесяць. Мама наша 36-гадовая жанчына. А немцы загадваюць ёй мыць посуд. Яна баялася хадзіць адна, нас за сабой цягала. Памятаецца, як повар іншы раз частаваў нас шакаладам...
Неяк непадалёк ад дзедавага гумна мы ўбачылі, што самалёт раскідвае чырвоныя паперкі, сталі бегаць і збіраць іх. А летчык усё ніжэй вядзе і пачынае абстрэл. Мама крычыць нам: падайце на зямлю. Ды дзе там, ці ж малыя што разумеюць? Схапіла яна нас з братам, як птушанят, і прыкрыла сабою. Дзякаваць лёсу, уцалелі.
Але ж так нагараваліся!
Перад тым, як лінія фронту набліжалася ў нашы мясціны, з усім скарбам (а галоўны — кароўка) рушылі ў бок вёскі Роўнае Рэчыцкага раёна. Самалёты варожыя наляцелі, бамбіць сталі людскі натоўп. Сучку нашу забіла, шкода па-дзіцячы было яе...
Калі мы вярталіся дамоў, дарога ўсцелена загінуўшымі нашымі салдацікамі і немцамі. Сваіх людзі адцягвалі ўбок, а па нямецкіх трупах падводы ехалі, ужо не казаць людзі йшлі: трашчалі галовы, косткі — столькі было ў душах людзей нашых нянавісці да іх! Не дай Бог ні дзеткам, ні ўнукам і праўнукам такое перажыць! Гляджу навіны з Данецка і Луганска і плачу. Ну няўжо людзечкі вайну забылі мінулую?
Як мы сустракалі першы танк-вызваліцель! Салдацікі вылезлі з яго ўчарнелыя, толькі вочы блішчаць: «ваша местность освобождена». Жанчыны нашы нясуць гэтым хлопчыкам хто што мае: блін які ці кавалачак хлеба...
Згадаем усіх па імёнах...
У баях каля Ліпнякоў праславіўся ўраджэнец ліпецкай зямлі, камандзір танка 63-га танкавага батальёна 108-й танкавай брыгады 9-га танкавага корпусу Аляксей Раслякоў. У час франтальнай атакі яго танк быў падбіты, але не загарэўся. Аднак пасля адыходу нашых ён апынуўся ў акружэнні. Камандзір знаходзіўся ў танку са сваім экіпажам і вёў агонь. Яны падбілі пяць танкаў, знішчылі каля 40 салдат і афіцэраў праціўніка, вытрымалі сем яго кантратак. Раслякоў пакінуў танк толькі на трэція суткі, калі машына была падпалена. У снежні 1944-га Аляксею Аляксандравічу было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медаля «Залатая Зорка». Гэты чалавек і пасля вайны служыў роднай арміі, скончыў дзве ваенныя акадэміі — бранетанкавых і механізаваных войскаў, а таксама імя Фрунзе. Толькі ў 1986-м звольніўся ў запас. Жыў у Маскве, пасля смерці ў лютым 1991 года пахаваны на Кунцаўскіх могілках расійскай сталіцы.
А 356 загінуўшых у тых даўніх баях каля Ліпнякоў воінаў Савецкай Арміі знайшлі спачын у мемарыяле ў цэнтры вёскі. Не мінае яго ніхто з сяльчан, абавязкова паклоніцца. І дагэтуль едуць у Ліпнякі ўнукі і праўнукі вызваліцеляў з розных куткоў былой адзінай краіны. І гэтая жывая повязь з вялікай гісторыяй падпітвае патрыятызмам сэрцы цяперашніх ліпнякоўцаў. Разам з бібліятэкарам Рагачовай яны ладзяць свята вёскі — яркае, шматфарбнае. На сёлетнім нават сваю кнігу рэкордаў завялі. Адзначаны ў ёй лепшыя падворкі і гаспадары, а таксама ліпнякоўскія жанчына-пышка, і мужчынка з самым магутным торсам... А ў 2015-м плануюць святкаваць усёй вёскай рубінавае вяселле. Чыё? Пакуль трымаюць у сакрэце.
Сярод самых паважаных гасцей на свяце аксакалы тутэйшыя, бабулі-майстрыхі, як напрыклад Марыя Рагачова, рэліктавы спецыяліст па шыццю коўдраў са шматкоў тканін.
— Колісь я ў бальніцы ляжала ў Маскве і заходзіла на работу да сваёй цёці ў атэлье. У калектыве працавала жанчына, якая ўмела гэтую прыгажосць ствараць, — расказала бабуля. — Падахвоцілася я, пайшло, атрымаўся і ў мяне гэты пэчворк, ці як яго найменне замежнае. Штук 20 я іх зрабіла, планую яшчэ колькі Бог лёсу дасць: як ні кажы, а 80 гадоў будзе 19 студзеня!