У цэнтры вёскі непадалёку ад сярэдняй школы ў брацкай магіле пахаваны лётчык Уладзімір Міхайлавіч Валасевіч.
Помнік воінам, загінуўшым пры вызваленні вёскі Пакалюбічы Гомельскага раёна ад нямецкафашысцкіх захопнікаў
Хто ён такі? Які подзвіг здзейсніў? Чаму яго імя, як і многіх загінуўшых, стала такім дарагім для жыхароў і вучняў Пакалюбіч? Адказ на гэтыя пытанні даюць пісьмы, атрыманыя школьнікамі ў 70-х гадах мінулага стагоддзя ад маці Валодзі Настассі Андрэеўны Валасевіч, ад яго баявых сяброў. Гэтыя ўспаміны беражліва захоўваюцца ў школьным музеі. Іх нельга чытаць без хвалявання.
Уладзімір нарадзіўся ў 1924 годзе ў Данецку, у сям’і служачых. Вучыўся ў школе выдатна, уступіў у камсамол. Любілі яго настаўнікі і аднакласнікі. Сваімі ведамі хлопчык дзяліўся з тымі, хто адставаў у вучобе. З дзіцячых гадоў ён марыў стаць ваенным лётчыкам, майстраваў мадэлі самалётаў. Пасля дзесяці класаў юнак паступіў у ваеннае лётнае вучылішча, пасля заканчэння якога накіраваўся на фронт.
Вельмі рана абарвалася жыццё маладога лётчыка. Аб кароткім, але слаўным баявым шляху расказваецца ў пісьмах яго ваенных сяброў. Вось радкі аднаго з іх: «Гэта быў праслаўлены савецкі лётчык. Удзельнічаючы ў баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, камсамолец Уладзімір Валасевіч паказаў узоры мужнасці, адвагі і самаадданасці пры выкананні заданняў камандавання. Ён зрабіў каля 50 паспяховых баявых вылетаў, і кожны з іх мог служыць прыкладам высокага тактычнага майстэрства і лётнага мастацтва».
У другім пісьме чытаем: «21 лістапада 1943 года група нашых самалётаў прыкрывала баявыя парадкі войск непадалёку ад вёскі Пакалюбічы. Да зыходу часу патруліравання ў гэтым раёне з’явілася вялікая группа бамбардзіроўшчыкаў праціўніка пад прыкрыццём знішчальнікаў. Савецкія сокалы смела завязалі бой. Уладзімір Валасевіч трапнымі чэргамі збіў аднаго Юнкерса, а другога знішчыў таранным ударам. І пасля гэтага працягваў весці паветраны бой».
А вось пісьмо, з якога мы даведаліся, як загінуў герой: «Бессмяротны подзвіг здзейсніў 22 лістапада 1943 года слаўны савецкі сокал Уладзімір Валасевіч. У гэты дзень ён на самалёце Іл-2 з групай сваіх таварышаў выляцеў штурмаваць варожыя войскі ў раёне Пакалюбіч. На першым жа заходзе ад прамога пападання варожага зенітнага снарада самалёт Валасевіча загарэўся, але адважны лётчык працягваў бамбіць і штурмаваць цэль. Калі полымя ахапіла ўсю машыну, ён аддзяліўся ад сва-ёй групы, адшукаў найбольшае скапленне войск праціўніка, накіраваў туды свой палаючы самалёт і ўрэзаўся ў варожую калону танкаў і аўтамашын. Вялікі слуп полымя ўзняўся ў неба. Так па-геройску загінуў у свае 19 год камсамолец Уладзімір Валасевіч, верны сын Айчыны. Лётчыкі пакляліся адпомсціць за баявога таварыша і з яшчэ большай нянавісцю біць ворага».
Скончылася вайна. Родныя лётчыка ведалі, што ён загінуў непадалёку ад вёскі Пакалюбічы, але дзе знаходзіцца магіла, дакладна не ведалі. І вось у 1965 годзе, да 20-годдзя Перамогі над фашысцкай Германіяй, пакалюбіцкія піянеры атрымалі пісьмо ад школьнікаў з Данецка. Яны пісалі: «Дарагія сябры! Мы, цімураўцы, шэфствуем над сем’ямі пенсіянераў. Аднойчы пенсіянеры, старыя камуністы Міхаіл Трыфанавіч і Настасся Андрэеўна Валасевічы, у якіх мы часта бываем, расказалі, што іх сын Уладзімір загінуў у баях супраць фашысцкіх захопнікаў. Як напісалі бацькам аднапалчане Уладзіміра, ён не вярнуўся на свой аэрадром пасля бою пад Гомелем у раёне вёскі Пакалюбічы. Больш нічога бацькі аб сыне не ведаюць. Звяртаемся да вас, чырвоныя следапыты Пакалюбіцкай сярэдняй школы, з просьбай знайсці магілу Уладзіміра Валасевіча».
І вось у пачатку 70-х гадоў мінулага стагоддзя пад кіраўніцтвам настаўніцы гісторыі Пакалюбіцкай сярэдняй школы С. Я. Канстанцінаўскай пачаліся пошукі, упартыя і крапатлівыя. Магілу знайшлі. Астанкі лётчыка перанеслі ў брацкую магілу ў вёсцы Пакалюбічы. Аб гэтым і напісалі рабяты бацькам загінуўшага героя.
А ў хуткім часе вучні Пакалюбіцкай школы чыталі пісьмо маці лётчыка. «Дарагія рабяты, – пісала яна, – шлю вам вялікае мацярынскае дзякуй за добрую памяць аб маім сыне». Тады Настасся Андрэеўна і вучні моцна пасябравали. 9 мая 1975 года, у дзень 30-годдзя Вялікай Перамогі, маці лётчыка Уладзіміра Валасевіча пабывала на магіле сына і наведала Пакалюбіцкую школу.
Праляцеў час. Няма даўно ў жывых бацькоў лётчыка, але ў школьным музеі сабраны матэрыял пра Уладзіміра Валасевіча, які дарагі сэрцу кожнага вучня.