Настройки шрифта
По умолчаниюArialTimes New Roman
Межбуквенное расстояние
По умолчаниюБольшоеОгромное
Вверх



Перагортваю старонкі кнігі «Памяць. Брагінскі раён». І ў каторы раз спыняюся на раздзеле, прысвечаным далёкім саракавым

3081 0 19:55 / 22.06.2021
Трагічнае і гераічнае

На адной са старонак змешчаны спіс вёсак, поўнасцю або часткова знішчаных на Брагіншчыне ў 1941–1943 гадах: Бярозкі, Жылічы, Новая Ёлча, Кірава, Крыўча, Лубенікі, Малажын, Рудня Жураўлёва, Чамярысы… Ёсць тут і мае Галкі: фашысты спалілі 99 двароў і загубілі 18 мірных жыхароў. Значыць, гэта і мая гісторыя.

Аб кровапралітных баях на гэтай тэрыторыі сведчыць брацкая магіла, у якой пахаваны больш за 600 воінаў-вызваліцеляў маёй і суседніх вёсак, выхадцаў з самых розных населеных пунктаў некалі вялікага СССР. Сярод іх Герой Савецкага Саюза Тафцізан Міндзігулаў, імя якога носіць вуліца ў Галках. Гэта быў звычайны сялянскі хлопец, ураджэнец Башкірыі, які ваяваў у складзе мінамётнага падраз­дзялення. Вызначыўся ў час баёў на дняпроўскім плацдарме: восенню 1943 года разлік, якім камандаваў Міндзігулаў, трапіў у акружэнне. Зразумеўшы, што падмацаванне хутка не падаспее, мінамётчыкі вырашылі змагацца да апошняга. 

Василий Никифорович Кондрашевский(1).jpg
Мой дзядуля – артылерыст-разведчык Васіль Нікіфаравіч Кандрашэўскі

Калі воіны 16-я гвардзейскай Чарнігаўскай кавалерыйскай дывізіі адбілі ў ворага агнявую пазіцыю Міндзігулава, то ўбачылі: вакол валяліся трупы гітлераўцаў. Байцы выкарысталі ўвесь боезапас і ўзарвалі мінамёты, каб іх не захапілі фашысты. І самі загінулі, але не адступілі. Тафцізану быў усяго 21 год.

Без апраўдання

Не злічыць усіх мясцовых жыхароў – воінаў, партызан і падпольшчыкаў, якія загінулі ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Як і ўраджэнцаў іншых рэгіёнаў былога Савецкага Саюза, што вызвалялі ад ворага наш край і знайшлі вечны спакой на Брагінскай зямлі. Не злічыць ахвяр акупацыйнага рэжыму… 

У спісах землякоў, якія загінулі на фронце ці прапалі без вестак, значыцца і Самсон Барысавіч Протас: нарадзіўся ў 1892-м, загінуў у 1941-м. Побач – фотаздымак яго з сям’ёй. На мяне пазірае сціплая сямейная пара і дзве прыгажуні-дзяўчынкі. Ведаю са слоў маці, што гэты фотаздымак трапіў у кнігу «Памяць» дзякуючы маёй бабулі Раі. На ім – яе цётка Сцепаніда з мужам і дзвюма дачушкамі. Самсон у даваенны перыяд узначальваў сельсавет. І менавіта за сем’і такіх – партыйна-савецкіх актывістаў, гаспадарчых кіраўнікоў – акупанты браліся ў першую чаргу. Расстрэльвалі, спальвалі, закопвалі жывымі, забівалі… У тым ліку дзяцей. 

Выратавацца Сцепанідзе і яе дзяўчынкам не ўдалося. 

Уяўляць такія жахі, глядзець на гэты фотаздымак балюча. Але ведаць патрэбна. Гэта – гісторыя маёй сям’і.

Мой дзядуля

Васіля Нікіфаравіча Кандрашэўскага ўжо няма ў жывых. Знаёмае прозвішча я знаходжу ў спісе землякоў, якім пашчасціла вярнуцца ў родны край пераможцамі. Ён нарадзіўся 14 студзеня 1919 года ў вёсцы Хракавічы. У яго былі брат і чатыры сястры, сям’я дружная, працавітая. Вайну дзядуля прайшоў артылерыстам-разведчыкам, галоўнай задачай якога было весці назіранне за баявымі дзеяннямі праціўніка. Ад гэтага, дарэчы, залежаў вынік бою.

Семья Протос.jpg
Самсон Барысавіч Протас з жонкай Сцепанідай і дзвюма дачушкамі

Таму пакінуць пост, які звычайна знаходзіўся на самым высокім дрэве ці ўзгорку, мог толькі апошнім.

Адной з узнагарод быў удастоены за мужнасць, праяўленую пры абароне Ноўгарада. Звесткі аб гэтым утрымліваюцца на сайце «Подзвіг народа». А дакладней, у загадзе па 448-м армейскім гарматным артылерыйскім палку 59-й арміі Волхаўскага фронта: 12 чэрвеня 1943 года, у час моцнага артылерыйскага абстрэлу нашых баявых парадкаў, старшы разведчык-назіральнік першай батарэі яфрэйтар Кандрашэўскі, паранены, пост не пакінуў, а прадоўжыў адшукваць і засякаць артбатарэі і агнявыя кропкі праціўніка. За перыяд з 10 па 16 чэрвеня 1943 года ён засёк пяць артбатарэй, з якіх тры – калібра 105 мм, адна – калібра 75 мм і адна – калібра 210 мм. За гэта ўзнагароджаны медалём «За адвагу».

За гады вайны дзядулю ні разу не давялося паспаць у нармальнай пасцелі – то ў зямлянцы, то ў сене… Але ноч у акопе з мёртвым салдатам навяла на роздум: «Як жа я табе зайздрошчу, сябар! Ты зараз з Богам, табе цёпла, зямля там пяшчотная, не залітая крывёю. Там спяваюць птушкі, а не гучаць выбухі і аўтаматныя чэргі. І я б хацеў быць там, але не магу. Яшчэ не завершана змаганне, а раптам вайна забярэ маю сям’ю, а я не магу гэтага дапусціць. Я не магу дапусціць, каб савецкі народ выміраў пад гнётам варожых сіл. Не дапушчу!»

Удзельнічаў Васіль Кандрашэўскі ў вызваленчых баях на тэрыторыі Венгрыі. Менавіта там быў удастоены ордэна Чырвонай Зоркі. Ва ўзнагародным лісце паведамляецца, што неаднаразова пад моцным артылерыйскім агнём, рызыкуючы сваім жыццём, вёў разведку, выяўляючы даволі важныя цэлі, што перашкаджалі руху нашай пяхоты. Ён дакладваў аб гэтым камандзіру батарэі, пасля чаго праціўнік быў накрыты агнём дывізіёна.

Перамогу дзядуля сустрэў у Аўстрыі. Сярод яго ўзнагарод – ордэн Айчыннай вайны II ступені, медалі «За ўзяцце Вены», «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.», дзве падзякі Вярхоўнага Галоўнакамандуючага Маршала Савецкага Саюза Сталіна.

Вярнуўшыся з вайны, не застаў у жывых свайго бацьку і брата Мікалая, які загінуў на фронце. У роднай вёсцы Хракавічы стварыў Васіль Нікіфаравіч сям’ю, з якой у 1960 гадах пераехаў у Галкі. Працаваў у сельскай гаспадарцы, разам з жонкай Раяй выхавалі траіх дзяцей. Не стала дзядулі на 79-м годзе…

Памяць

Памяць аб земляках, якія зведалі жахі вайны, героях-вызваліцелях, аб падзеях, што адбываліся на тэрыторыі былога Асарэвіцкага сельсавета, захоўвае музей баявой славы «Бітва за Днепр». Некалі ён ствараўся як цэнтр ваенна-патрыятычнай работы на базе Асарэвіцкай школы, куды хадзілі таксама дзеці з Галак і Вялля, а цяпер перамясціўся ў мясцовы дом народнай творчасці. Тут можна ўбачыць і асабістыя рэчы майго дзядулі: ваенны кацялок, каску і кішэнны блакноцік-дзённік, у які ён змяшчаў свае запісы з першых дзён вайны. Іх, праўда, ужо з дакладнасцю вельмі цяжка разабраць – свой адбітак зрабіў час. Але нешта ўсё ж на пажаўцелых з гадамі старонках можна прачытаць:

31 декабря 1943 года. Наши войска овладели областным центром УССР г. Житомиром. По радио слушали поздравления тов. Калинина. После этого подняли бокалы в честь Нового, 1944 года… После полуночи заступили на боевой пост.

28 мая 1944 года. Хорошее весеннее утро. Зеленью покрылась земля, птицы над тобой поют… В это время мечтаешь о счастье… Не теряешь надежды, что будет победа…

22 июня 1944 года. Памятный день. Приказом от 22.06. мне присвоено звание гвардейца.

19 июля 1944 года. После ночевки в одной деревушке двинулись дальше на Запад. Утром вели 28 фрицев. На привале у реки хорошо искупались, получили продукты… Движемся к Прибалтике…

Звяртаю ўвагу на іншыя матэрыялы, змешчаныя ў музеі. Вось знаёмы альбом, прысвечаны Барысу Зацееву. Памятаю, як некалі я, піянерка, выводзіла ў ім пад трафарэт кожную літарку тэксту, наклейвала фотаздымкі. Значыць, у захаванні гісторыі ёсць у нейкай ступені і мой уклад.

Імя Барыса Зацеева, ураджэнца Чэлябінскай вобласці, які загінуў пры вызваленні вёскі Галкі і там жа пахаваны, насіў наш піянерскі атрад. Аб тым, што перажыла яго маці Аляксандра Якаўлеўна, якая так і не дачакалася сына, цяжка нават падумаць. Выдатнік у школе, пераможца абласных спаборніцтваў па плаванні, ён з дзяцінства праяўляў здольнасці да спорту, малявання, ігры на гітары. Марыў стаць артыстам ці мастаком. Ды наканавана было загінуць у 19-гадовым узросце.

У 1967 годзе Аляксандра Якаўлеўна прыязджала на магілу сына і звярнулася да мясцовых жыхароў з просьбай: у каго народзіцца хлопчык – назваць яго Барысам, у гонар яе сына. Пажаданне выканала сям’я Яшчанка. З беларускім Барысам жанчына сустрэлася на 40-годдзе Перамогі і лічыла яго сваім унукам.

У іншых папках, альбомах захоўваюцца ўспаміны сведкаў вайны, перапіска з героямі-абаронцамі, роднымі і блізкімі воінаў, якія загінулі ў баях за вызваленне вёсак Асарэвічы, Галкі і Вялле. На здымках – сустрэчы з дэлегацыямі з Украіны, Башкірыі. Такая цесная сувязь падтрымлівалася ва многім дзякуючы піянерважатай Людміле Яшчанка, асобе творчай і нераўнадушнай, з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, жыццё якой, на жаль, нядаўна абарвалася.

Не меншую каштоўнасць уяўляюць матэрыялы, прысвечаныя беларусу Міхаілу Сіманенку і ўкраінцы Алене Бялевіч, астанкі якіх у 1986 годзе былі знойдзены ў Асарэвічах пры правядзенні земляных работ і перазахаваны ў мясцовую брацкую магілу. Гэта – маладыя партызаны, якія трапілі падчас разведкі ў рукі паліцаяў і былі пакараны. У іх гонар, дарэчы, названы вуліцы ў Асарэвічах. Глыбока сімвалічна, што зараз, калі ўжо няма СССР, юныя украінка і беларус ляжаць у адной магіле.
 
А колькі яшчэ змагалася з ворагам – рускіх, узбекаў, татар, армян, грузін, казахаў, яўрэяў… Перамагчы ў той страшнай вайне дапамагло братэрства. Гэтая тэма сёлета, у Год народнага адзінства, набывае яшчэ большую актуальнасць, высокае гучанне: абарона Айчыны, клопат пра яе дабрабыт, захаванне міру і спакою аб’ядноўвае людзей, незалежна ад нацыянальнасці і месца пражывання. Мы памятаем! Мы шануем агульную гісторыю і захоўваем памяць. 
Общество
Горин_сайт.jpg

bbjff8hml2c01i7ceprql7cojdn6uh18.png
гранитснабсбыт_сайт.jpg
морозовичи-агро11.jpg
0 Обсуждение Комментировать
Горин_сайт.jpg