Колькі разоў, прыязджаючы ў Лоеў у самыя розныя гады, наш фотааб’ектыў факусіраваўся на ўдзельніку мастацкай самадзейнасці Пятру Бондару.
Пятро Бондар выдатна чытае паэтычныя творы. Ён адзначаны дыпломамі за лепшыя мужчынскія ролі ў пастаноўках народнага тэатра «Адлюстраванне» па п’есах «Вечар» А. Дударава і «Любоў злая, ці Да варажбіткі не хадзі» А. Венядзіктавай
На самых розных святах, канцэртах каларытны народнай жывінкай – спевам, вершам, жэстам, падтанцоўкай – Пятро Іванавіч дарыў зарад бадзёрасці, цудоўнага настрою. Ногі самі прасіліся ў скокі пад яго прыпеўкі, якімі шчодра сыпаў на сцэне. Самадзейны артыст, народнік, ён і зараз годна працуе на роднай зямлі.
І вось у гаворцы з нагоды ўласнага 70-годдзя ён, кіраўнік народнага ансамбля народнай песні «Жывіца», падзяліўся: з абласной газеты «Гомельская праўда» ўсе гэтыя гады чэрпаў інфармацыю пра развіццё культуры ў рэгіёне. І зараз, у сталым веку, яна застаецца для яго настольнай.
Пятро Бондар 52 гады працуе ў галіне культуры на Гомельшчыне. Было цікава даведацца, дзе Іванавіч чэрпае натхненне, творчыя сілы.
Абрамаўка, вёска мая
– Вытокі мае тут, у невялічкай, колісь усяго 18 хат, вёсцы. Я з сялянскай сям’і, дзе і мама, і тата хораша спявалі, і ніводнае свята, вяселле, радзіны не абыходзіліся без іх, – падзяліўся ветэран. – Маці, Марыя Пятроўна, была стаханаўкай у паляводстве, а бацька і брыгадзір, і загадчык фермы.
Юнаком захапіўшы ваеннай долі дзесь у Карпатах, Іван Якаўлевіч па-свойму адметна звяртаўся да жонкі: «Шчо, Маня, спяем?» Старэйшаму сыну Пятру прыдбалі гармонік «Беларусь», калі ён быў у сёмым класе. У дзявятым хлопец ужо на слых падбіраў мелодыі, граў вяселлі суседзям. Неяк бабуля па лініі бацькі, Улюта, напрарочыла: «Ты, унучак, усё жыццё праспяваеш!»
Пасля сярэдняй школы ў Ручаёўцы юнак намерыўся пайсці на гістарычны факультэт універсітэта ў Гомелі. Аднак не прайшоў па конкурсу і накіраваўся ў Рэчыцу, у вучылішча нафтавікоў. Быў актывістам, сакратаром камсамольскай арганізацыі. Скончыў з чырвоным дыпломам: прарочылі паступленне ў галіновы інстытут у Івана-Франкоўску.
Зачэрпваючы з глыбінь
Неяк у Гомелі Пятро ўбачыў аб’яву пра набор у культасветвучылішча, прычым без адпаведнай музычнай адукацыі. Вырашыў паспытаць свае сілы. Паступіў.
– Наш выкладчык Ларкоў казаў: «Калі хочаш працаваць у клубе, імгненна павінен падабраць любую мелодыю. Ноты ведай, але ж ты народнік! Ідзеш, скажам, на вяселле, што, туды ноты пацягнеш?» Я з гэтаю навукай жыву. Паслухаю першыя, другія, трэція галасы – і вось яна, мелодыя гучыць…
Яму прапаноўвалі пасля вучылішча застацца ў абласным цэнтры. Іван Галко, вядомы кіраўнік хору, запрашаў, Цэнтральны райкам камсамола прапаноўваў ехаць выхавацелем ва ўсесаюзны «Артэк». Ды скіраваў Пятро ў Мікулічы на Брагіншчыне. Там развіваў палескую мастацкую самадзейнасць: у клубе, школе, калгасе.
Ужо маючы вопыт і музыкі, і метадыста, у 1978 годзе ўзначаліў у Лоеве раённы Дом культуры. Паступова збіраў пад сваё крыло таленты з народа. У працоўных калектывах райцэнтра адшукваліся тыя сапраўдныя залацінкі, што і сёння ўпрыгожваюць сцэну сваімі галасамі, акцёрскай падачай, танцам, мастацкім чытаннем. Ганну Мельнік заўважылі на рэпетыцыях у тагачаснай «Сельгастэхніцы». І ўжо колькі год творчы дуэт Бондар – Мельнік радуе лаяўчан і гасцей горада і ў саставе «Жывіцы», і ў народным тэатры «Адлюстраванне», у жыццёвых пастаноўках-абразках. На VIII абласным конкурсе выканаўцаў народных побытавых танцаў «Вытокі» яны ўдастоены дыплома першай ступені.
– Ах ты, полька, ах ты, полька-весялуха! – пачуўшы знаёмую мелодыю, Ганна з’яўляецца ў кабінеце кіраўніка «Жывіцы», падпявае, прытанцоўвае настолькі арганічна, што адчуваеш: і сёння мастацкую самадзейнасць жывяць такія самародкі, людзі, прыродай надзеленыя талентам.
Яны шчыра згадваюць заснавальніка «Жывіцы» Валянціну Берасневу, пад кіраўніцтвам якой вучыліся культуры спеву і ў 1989-м ансамбль быў удастоены звання народнага. З 1999 года эстафету кіраўніцтва прыняў Пятро Бондар. Калектыў годна пацвярджае свой статус. Шмат працуе над рэпертуарам. А якія выдатныя музыканты дапамагалі ў аранжыроўках: Анатоль Івашка – колішні кіраўнік хору «Світанак», баяністы-акампаніятары Эдуард Пархоменка, Пятро Плюшчай. На вялікі жаль, няма ўжо гэтых людзей, няма і большасці спявачак непаўторнага фальклорнага гурта «Лутава». Няўмольны час…
– А як жыць без песні? Яна са мною ўсё жыццё. Сум, горыч – спяваю! А радасць на сэрцы – ізноў з песняй падзяляю. Вельмі люблю ў лесе ўласныя рэпетыцыі праводзіць, калі па грыбах хаджу каля роднай Абрамаўкі, – расказвае Пятро. – Нібы соснам, елкам, бярозам спяваю, расказваю, паказваю… І тады на сцэне натуральна атрымліваецца. Ухапіў свайго «старычка» (так суразмоўца называе баян), і песня палілася: «Тут Дняпро хвалі вечныя коціць…» О, ды ў нас іх багата. За год не менш сямі новых у рэпертуары. І няхай трапіцца і з тых, што «Бяседа» выконвае, ці колішнія братоў Завалокіных, але ж мы надаем сваю музычную афарбоўку, твор узбагачаецца новымі найгрышамі, набывае новае жыццё.
Не мяхі цягаць
Даводзілася і Бондару не раз чуць у свой бок: маўляў, ці ж гэта праца, гэта ж не мяхі з бульбай цягаць? Неяк аднаму такому разумнаму сказаў: «Бяры інструмент, сыграй! Ды і заспявай адначасова, каб табе людзі ўдзячнымі былі ў апладысментах». Сціх, і болей стараўся на вочы не трапляць. А лёгкасць тая працай здабываецца, рэпетыцыямі штодня, уменнем пераўвасабляцца. Нават у трагічных абставінах, калі раптоўна памёр бацька, а пасля яго пахавання табе трэба ісці на сцэну: у людзей планавы канцэрт, які не адменіш.
Пятро Іванавіч, старэйшы ў сям’і, горычна згадвае і пра ранні сыход маці, заўчасную смерць малодшых брата Рыгора, сястры… Ізноў ажывае ва ўспамінах родная Абрамаўка, з якой 11 мужчын былі афіцэрамі. Ці ж забыць, як яго родны брат палкоўнік Рыгор Бондар, памочнік начальніка Ваенна-транспартнага ўніверсітэта чыгуначных войскаў, прыязджаў з Ленінграда сюды ў водпуск штолета? Ён ніколі не выхваляўся, што як верталётчык узнагароджаны двума баявымі ордэнамі за Афганістан, срэбраным крыжам адзначаны тагачасным Патрыярхам усяе Русі Алексіем. Прыбыў на малую радзіму толькі аднойчы апрануты па форме, з усімі рэгаліямі. З сабою ў Піцер вёз… ваду з бацькоўскага калодзежа.
– Грыша марыў стварыць аграсядзібу ў Абрамаўцы, выкупіць будыніну непрацуючай крамы пад яе. Выкапаць ставок. Дамаўляўся ўжо з адным з рыбгасаў наконт малькоў рыб. Казаў: «Пеця, будзеш гаспадарыць, каб наша вёска жыла!» Ды не збыліся яго планы… Калі чытаю вершы на ваенную тэму, я і яго згадваю, і бацьку, і ўсіх нашых лоеўскіх ветэранаў.
Раней у райцэнтры быў хор удзельнікаў Вялікай Айчыннай. Калі стала адчувальна: сыходзяць адзін за другім героі, Пятро Іванавіч са сваімі энтузіястамі правялі вечарыны-ўшанаванні для іх. Пачыналі са старэйшых, і так кожнаму паспелі сказаць прачулае слова, уручыць граматы, сувеніры, музычныя падарункі. Зараз і «Жывіцу» ўпрыгожваюць таксама ветэраны – працы, людзі, якія з 1979 года спяваюць у калектыве: Людміла Бажанок, Таццяна Шлыкава, Віктар Кацуба. Прыйшло і маладое папаўненне – Юлія Сіз і Дар’я Трэсцьян, выкладчыкі музычнай школы. Мінулым летам калектыў даў 17 канцэртаў у полі, вітаючы перадавікоў жніва.
Ты шануеш герояў сваіх
У снежні мінулага года прадстаўнічая дэлегацыя з Якуціі прыехала па добрай завядзёнцы пакланіцца памяці свайго земляка, Героя Савецкага Саюза Фёдара Папова. Калі з-за мармуровых пліт Алеі Герояў да ўдзельнікаў мітынга наблізіўся чырвонаармеец у палінялай ад часу форме, з плашч-палаткай і пачаў паэтычны маналог ад уласнага імя, гэта было настолькі арганічна: «Я навеки остался в далеком краю, я домой не вернулся. Простите… Если будете видеть – летят журавли, не скорбя их полет проводите…» Вершаваная кампазіцыя перажыта Пятром Іванавічам наскрозь – лёсамі ветэранаў, якіх ведаў, якія колісь фарсіравалі раку, займалі плацдарм і гадавалі ў сэрцах сваіх мары пра мірную будучыню нашчадкаў. Інтанацыйна, голасам, і сэрцам ахопліваў ён перажытае сынамі Айчыны тут, на дняпроўскім рубяжы…
Гамонім пра сям’ю. Сын Віталь – палкоўнік у адстаўцы, жыве ў Смаленску, дачка Ірына пайшла бацькоўскай дарогай: метадыст дзіцячай творчасці ў Светлагорску. Унуку Захару, шасцікласніку, рухавы дзядуля былы пагранічнік Пятро Бондар (служыў у свой час у вядомай кропцы на карце «Чоп») перадаў спадчыннасць актыўнага, здаровага ладу жыцця. Колькі ходжана з ім сцежкамі Лоеўшчыны! Цяпер жа закідвае нашчадку патроху ў гаджэты і сваю творчую спадчыну: пастаноўку па п’есе Аляксея Дударава «Вечар», дзе іграе ролю Васіля-Мульціка, а таксама песні «Жывіцы» і тую самую вершаваную кампазіцыю. Хай наталяецца сваім, родным! А Пятро Іванавіч у свой вольны час выконвае і пачэсны грамадскі абавязак: узначальвае раённую арганізацыю ветэранаў пагранічнай службы.
– Не адчуваю я сваіх 70, ну ніяк! Магу і прабегчыся, і падцягнуцца на турніку, і на вішню каля бацькоўскай хаты ўзнесціся! – зухавата прамаўляе мой суразмоўца і зноў бярэ баян.
Пра што марыць Пятро Бондар, размяняўшы восьмы дзясятак? Каб жонка Лілія Іванаўна, таксама ветэран культуры (яна пайшла на заслужаны адпачынак з раённай бібліятэкі), дзеці, унук, усе былі здаровыя! Каб пашчасціла «Жывіцы» атрымаць больш прасторны мікрааўтобус для выездаў, чалавек на 12. «Сыйдзе ж на сухі лес гэта трасца-пандэмія, будзем выступаць! – дзеліцца самым запаветным Пятро Іванавіч. – Як у той песні, «і будзем пець, і будзем жыць!»