Настройки шрифта
По умолчаниюArialTimes New Roman
Межбуквенное расстояние
По умолчаниюБольшоеОгромное
Вверх



Дзяржаўны архіў грамадскіх аб'яднанняў вобласці перадаў рэдакцыі "Гомельскай праўды" алічбаваны архіў газеты за 1943 год

1910 0 18:35 / 03.09.2022
Сёлетні год юбілейны для «Гомельскай праўды», 22 сакавіка нашай газеце споўнілася 105 гадоў. Калектыў рэдакцыі цёпла павіншавалі абласная і гарадская ўлады, падпісчыкі, калегі, жыхары вобласці. Былі і падарункі. Пра адзін з іх хочацца расказаць асобна.

Гомельская правда 1943_006_1.jpg

Дзяржаўны архіў грамадскіх аб’яднанняў Гомельскай вобласці перадаў алічбаваны архіў нашай газеты за 1943 год. У час нямецкай акупацыі «Гомельская праўда» спыніла свой выхад, аднак у маі 1943-га пачала выдавацца ў падполлі. Якраз тады камандаванне Гомельскага партызанскага злучэння атрымала з Вялікай зямлі друкаваную машынку, наборны шрыфт і паперу. Камандзір злучэння Ілья Кожар даручыў рэдагаваць газету байцу Мікалаю Пахомаву.

Гэта быў час, калі, разграміўшы гітлераўскія войскі пад Сталінградам, Чырвоная армія паспяхова вяла наступленне па ўсяму фронту. Лагічна, што падпольнае выданне адлюстроўвала баявыя дзеянні савецкіх воінаў, друкавала загады Вярхоўнага галоўнакамандуючага, аператыўныя зводкі Савецкага інфармбюро. «Невялікі лісток, усяго васьмушка фармата «Правды», а колькі ў ім сілы!» – радаваўся Кожар.

Шмат увагі ўдзяляла «Гомельская праўда» папулярызацыі партызанскага руху, расказвала пра падрыўнікоў, кулямётчыкаў, разведчыкаў, артылерыстаў, стралкоў, якія мужна змагаліся з захопнікамі. «Беларускія партызаны! Цяпер, у рашаючы момант вайны, яшчэ больш узмацняйце свае ўдары па ворагу з тылу, сваю помсту за кроў і пакуты нашых людзей. Узмацняйце дапамогу наступаючай Чырвонай арміі ў ачышчэнні нашай зямлі ад нямецкіх акупантаў!» – заклікала газета. У адказ – справаздачы народных мсціўцаў пра разгром варожых эшалонаў, знішчэнне нямецкіх перапраў і штабных аўтамашын.

Падпольная «Гомельская праўда» выходзіла да лістапада 1943 года, калі Гомель быў вызвалены ад ворага. Дзякуй дырэктару архіва грамадскіх аб’яднанняў Гомельскай вобласці Наталлі Абрамавай, якая знайшла гэтую сапраўдную для нас рэліквію ў Нацыянальным архіве Беларусі. А яшчэ дарэчы ўзгадаць, што Герой Савецкага Саюза Ілья Кожар узначальваў «Гомельскую праўду» у перадваенны час, а Мікалай Пахомаў вярнуўся ў яе рэдактарам у мірным 1948 годзе і займаў гэту пасаду на працягу чатырох гадоў.

Мы памятаем усіх, хто пакінуў добры след у біяграфіі старэйшай у Беларусі газеты, нашай роднай «Гомельскай праўды».
Общество


bbjff8hml2c01i7ceprql7cojdn6uh18.png
УП Экорес сайт.jpg
гранитснабсбыт_сайт.jpg
морозовичи-агро11.jpg
0 Обсуждение Комментировать